Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Niemen Electronic


Чэслаў Немэн
Чэслаў Немэн

На гэтым тыдні Чэславу Немэну споўнілася б 78. Але ўжо 13 гадоў, як яго няма сярод жывых. З гэтай нагоды мне захацелася прыгадаць некаторыя музыкальныя зьдзяйсьненьні ўраджэнца Старых Васілішак з апошняга пэрыяду ягонай кар’еры, які ўмоўна можна назваць «электонным».

Чэслаў Немэн наогул асацыюецца мэляманам з эпохай біту і рытм-энд-блюзу другой паловы 1960-х, калі ён, разам са сваім гуртом «Akwarele», запісаў вельмі папулярныя альбомы «Dziwny jest ten świat» (1967), «Sukces» (1968) і «Czy mnie jeszcze pamiętasz?» (1969). Пакаленьні польскіх мэляманаў, якія пачалі слухаць музыку больш-менш у тым часе, ведаюць на памяць такія песьні Чэслава Немэна, як «Sen o Warszawie», «Wspomnienie», «Dziwny jest ten świat», «Płonąca stodoła», «Przyjdź w taką noc», «Pod Papugami».

Але вось у 1970 годзе Немэн выдаў альбом «Enigmatic», на якім разьвітаўся з эпохай мэлядычнага біту і прэзэнтаваў складаныя музычныя аранжыроўкі і гармоніі да вершаў чатырох вядомых польскіх паэтаў. Альбом сустрэўся зь вельмі прыхільнай ацэнкай слухачоў і крытыкаў, і шмат хто ў Польшчы лічыць гэты запіс найлепшым польскім рок-альбомам наогул.

Потым Чэслаў Немэн пайшоў у бок джаз-року і фюжн, спрабаваў рабіць міжнародную кар’еру, але пасьля невялікага зацікаўленьня, зь якім сустрэліся ягоныя запісы на Захадзе, вярнуўся ў Польшчу з салідным багажом разнародных электронных інструмэнтаў (мінімуг, мэлятрон, гітарны сынтэзатар) і пачаў займацца музыкай, якую сёньня называюць па-рознаму: electronic music, electronics, space rock, instrumental progressive rock...

Вось песьня «Daj mi wstążkę błękitną» з альбому «Niemen Aerolit» (1975), які запачаткаваў эру «электроннага» Немэна:

У 1976 Немэн выдаў сольны альбом «Katharsis», на якім сам граў на ўсіх інструмэнтах. Прапаную паслухаць ягоную кампазыцыю «Epitafium (Pamięci Piotra)», прысьвечаную таленавітаму бубначу Пятру Дземскаму зь Беластоку, які граў зь Немэнам на папярэднім альбоме і нечакана памёр ва ўзросьце 22 гадоў у выніку ўскладненьняў пасьля хірургічнай апэрацыі:

А цяпер — кампазыцыя «QSS/QSS II» з сольнага альбому «Idée fixe » з 1978 году:

Шмат каму гэты «электронны пэрыяд» Чэслава Немэна не прыйшоўся даспадобы, і музыкант у 1980-х гадах страціў ранейшую папулярнасьць. Першыя шэрагі польскай поп- і рок-музыкі тады занялі «Lady Pank», «Maanam», «Republika», «Perfect» і падобныя выканаўцы. Але Немэн працягваў запісваць. Вось загалоўная кампазыцыя з альбому «Terra deflorata» (1989):

Апошнім сольным запісам Чэслава Немэна стаў альбом «spodchmurykapelusza» (2001). Альбому амаль ніхто не заўважыў. Шкада, бо музыка неблагая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG