Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь просіць Украіну дапамагчы расьсьледаваць наўмыснае банкруцтва банку «Дэльта»


Генэральная пракуратура Ўкраіны працуе з запытам Сьледчага камітэту Беларусі у справе пра наўмыснае банкруцтва банку «Дэльта». Гэтая інфармацыя прагучала ў Пячэрскім раённым судзе Кіева.

У наўмысным стварэньні няплатздольнасьці банку падазраюцца двое грамадзян Ўкраіны, адзін Беларусі і адзін Расеі. Іхных прозьвішчаў суд не агалошвае.

Беларускі «Дэльта-Банк» належаў украінскаму бізнэсоўцу Мікалаю Лагуну — уласьніку аднайменнага банку ва Ўкраіне, які збанкрутаваў у 2015 годзе. Генэральная пракуратура Ўкраіны таксама адкрыла крымінальную справу супраць адказных асобаў украінскага банку за незаконнае прысваеньне 4,5 мільярдаў грыўняў.

Паводле пэўнай інфармацыі, Мікалай Лагун разьвіваў свой бізнэс у Беларусі з 2007 году і пасьпеў укласьці ў розныя праекты прыкладна 130 мільёнаў даляраў. Украінскія СМІ пісалі, што ўкраінскі бізнэсовец сябраваў з сынам Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыем і выступаў ягоным партнэрам у стварэньні «Гольф-клюбу». Але іхныя стасункі перарваліся у 2015 годзе, адразу пасьля таго, як ва Ўкраіне пачаліся праблемы з «Дэльта-банкам».

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў камітэту дзяржаўнага кантролю адкрыў крымінальную справу аб наўмысным банкруцтве і ўтойваньні эканамічнай няплатздольнасьці банку ў траўні 2015 году.

Было ўстаноўлена, што банкруцтва ЗАТ «Дэльта-Банк» стала вынікам незаконнага вываду грошай і капіталу банку праз заключэньне незаконных і нявыгадных крэдытаў з падкантрольнай аднаму з чальцоў рады дырэктараў кампаніяй, зарэгістраванай у афшорнай зоне — дзяржаве Беліз.

Падазраваныя топ-мэнэджары, выкарыстоўваючы мэханізмы крэдытаваньня праз банкі Ліхтэнштайну і Аўстрыі, а таксама рахункі ў латвійскім банку, арганізавалі выдачу крэдытаў кампаніі на суму больш чым 12 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, сьледзтва вызначыла, што банк набыў каштоўныя паперы больш чым на 16 мільёнаў даляраў на нявыгадных умовах.

Каб прыхаваць мэханізм вываду грошай і нанесеныя страты, гэтыя зьвесткі наўмысна не адлюстроўваліся ў фінансавай справаздачнасьці «Дэльта-Банку».

Калегія эканамічных справаў Вярхоўнага суду Беларусі прызнала «Дэльта-Банк» банкрутам 21 жніўня 2015 году.

XS
SM
MD
LG