Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Розум адключыўся, маральныя заслоны ўпалі» — пачаўся суд над былым супрацоўнікам Мінабароны, які задушыў жонку


Андрэй Ціханкоў

У Партызанскім судзе Менску 13 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы аб забойстве Людмілы Ціханковай, цела якой летась знайшлі ў Вілейскім вадасховішчы. Абвінавачваецца яе былы муж Андрэй Ціханкоў, дырэктар камэрцыйнай фірмы, маёр запасу, які нарадзіўся ў Шклове і скончыў Вышэйшую вайскова-касьмічную акадэмію імя Мажайскага ў Санкт-Пецярбургу.

Ужо на пачатку працэсу Андрэй Ціханкоў заявіў у судзе, што цалкам прызнае сваю віну.

«Жонка пачала піць і паводзіла сябе неадэкватна»

Андрэй Ціханкоў ажаніўся зь Людмілай Ціханковай, калі сам служыў у Міністэрстве абароны Беларусі.

«Я паспрыяў яе ўладкаваньню ў вайсковую пракуратуру, адкуль яна сышла, калі ў нас нарадзілася дачка. Да таго пэрыяду нашага жыцьця яна была добрай гаспадыняй. Але калі пачала працаваць у пракуратуры, стала выпіваць», — казаў пра былую жонку падсудны.

Паводле Ціханкова, злоўжываньню алькаголем спрыялі абставіны жончынай працы, асаблівасьці вайсковай службы, асабістыя канфлікты з калегамі. Былая жонка спрабавала лячыцца, але раз за разам не заканчвала лячэньня. Хвароба дайшла да таго, што яна магла ўдарыць, укусіць, нахаміць, казаў Ціханкоў.

Паводле падсуднага, на другі дзень былая жонка раскайвалася, але потым усё паўтаралася. Жаданьня лячыцца ў яе хапала толькі на некалькі сэансаў, а потым яна пачынала ўсё зноў, казаў падсудны.

Падставы да канфліктаў паміж мужам і жонкай Ціханковымі былі розныя.

«Яна была злапомная, згадвала ўсё, што было ў маладосьці, была вельмі раўнівая, неадэкватна рэагавала на заўвагі, у тым ліку сяброў, незнаёмых людзей. Было, што білася з таксістамі, кідалася талеркамі ў афіцыянтаў, калі мы наведвалі рэстаран. Аднойчы на маіх вачах ударыла дачку», — сказаў Ціханкоў і згадаў, што гэта было пасьля 2008 году.

Падсудны плакаў, калі расказваў, як жонка абыходзілася з дачкой

Падсудны расплакаўся, калі згадваў пра такі выпадак:

«Я быў у Маскве ў камандзіроўцы, мне пазваніла дачка, прасіла, каб я яе забраў ад мамы, бо яна яе зьбівае».

Быў і другі выпадак, пра які падсуднаму вельмі цяжка згадваць:

«Аднойчы, калі мяне не было, выклікалі міліцыю, бо нібыта дачка зьнікла. Міліцыя прыехала, а жонка ляжала пʼяная».

Паводле Ціханкова, ён спрабаваў не трымаць дома сьпіртнога, але жонка ўмудралася яго набываць і хаваць, а потым напівалася.

«Пойдзе на балькон курыць, а вяртаецца ўжо нападпітку».

Андрэй Ціханкоў згадваў і тое, як па званку забіраў жонку з рэстарана, дзе яна напілася зь сяброўкамі, але расплаціцца не змагла.

«Мы прыехалі, а яна ляжыць пʼяная. Спыніць яе было вельмі цяжка. Яна пераходзіла да стану, калі станавілася вельмі агрэсіўнай», — згадваў пра паводзіны жонкі ў нецьвярозым стане былы муж.

Ціханкоў кажа, што нават у той час ён спрабаваў абыходзіцца з жонкай як мага лепш.

«Бывала, што супакойваў яе, укладваў спаць, гладзіў, і яна заціхала. А бывала, што ўцякаў з дому, бо супакоіць яе было немагчыма».

Ад сяброў Ціханкоў часта чуў пытаньні, чаму не разьвядзецца з такой жонкай. Але, паводле Ціханкова, ён яшчэ спадзяваўся яе выратаваць. Таму і на ўлік да псыхіятраў ня ставіў, спрабаваў лячыць у мэдцэнтрах.

Але сытуацыя ў сямʼі пагаршалася. Паводле Ціханкова, аднойчы дачка расказала, што бачыла іншага мужчыну ў іхнай кватэры.

Сышоў сам і завёў другую сямʼю

Ціханкоў расказаў, што ў 2012 годзе яго цярпеньне скончылася. Ён падаў на развод, сышоў з дому, дамогся разводу з жонкай з прычыны яе пʼянства і праз год ажаніўся з другой жанчынай. Пра гэтую другую жаніцьбу ён былой жонцы не казаў, лічыў, што так будзе лепш. Былы муж працягваў дапамагаць сямʼі матэрыяльна, фінансаваў вучобу дачкі. А потым даведаўся, што былая жонка сышлася зь нейкім мужчынам.

«Мне паведамілі, што сужыцель зь мяне сьмяецца. Маўляў, даю грошы на дачку, а яны іх прапіваюць, дачцэ нічога не дастаецца. І сапраўды, калі прыходзіў туды, у іх у лядоўні нічога не было».

Паводле Андрэя Ціханкова, у доме былой жонкі былі беспрабудныя пʼянкі, і спыніць гэта можна было, толькі ўладкаваўшы яе на працу.

«Разумеў, што інакш яна зусім апусьціцца», — сказаў падсудны.

Тады ён дапамог ёй уладкавацца ў Маскоўскім райваенкамаце. Вынік быў той самы.

«Яе туды ўзялі, але празь месяц звольнілі, бо зноў напілася».

Потым ён доўга спрабаваў уладкаваць былую жонку маркетолягам у сваю кампанію.

«Ёй толькі трэба было прайсьці гутарку і пераслаць сваё рэзюмэ. Але яна ўсё не прыходзіла і дакумэнтаў не прысылала», — казаў абвінавачаны ў забойстве.

«Розум адключыўся, маральныя заслоны ўпалі»

Працаўладкаваньне былой жонкі ў фірму Андрэя Ціханкова папярэднічала яе сьмерці. 6 траўня 2013 году Андрэй Ціханкоў, не дачакаўшыся яе на працы, сказаў былой жонцы праз тэлефон, што будзе ў гаражы, хай туды прыходзіць і прыносіць дакумэнты для працаўладкаваньня.

«Быў цудоўны травеньскі дзень. Пярэдадзень сьвята. Недзе каля 13 гадзіны яна прыйшла. Я ў гэты час важдаўся з рыбалоўнымі прыладамі, бо я рыбак. Паспрабаваў распытаць у яе, чаму столькі часу не прыходзіла.

Але яна пачала казаць, што ў яе няма грошай, бо я іх не даю. Потым сказала, каб я вяртаўся да яе, на што я заявіў, што ўжо ажаніўся і хачу пабудаваць новую сямʼю, завесьці дзіця. Тут у яе пачаўся выбух эмоцый.

Я да таго з новай жонкай марыў, як завядзем дзіця, куды паедзем, мы здавалі аналізы на ЭКА, паміж намі было каханьне. А тут — плынь зьнявагі, бруду. І гэта ад жанчыны, якую я ўжо не кахаю, якая мне чужая. Яна пачала пагражаць маёй жонцы, што забʼе яе. Я і гэта стрываў.

Але калі яна сказала, што дачакаецца, пакуль мая новая жонка народзіць дзіця, і тады... Тут я не стрымаўся і ўдарыў яе рукой. Яна пасьля гэтага пачала крычаць, каб ня біў яе, падняла з падлогі нейкую мэталічную балванку ад аўтамабіля і паспрабавала мяне ўдарыць.

Мне не было як ухіліцца. Я перахапіў яе руку з балванкай, балванка ўдарыла па яе твары, зьявілася кроў. У мяне не было нянавісьці, але я ўявіў, што гэтак жа яна можа забіць і наша будучае дзіця. Падумаў, што яна ўжо ня вылечыцца, яе не ўратаваць.

У тую сэкунду я ня змог дараваць, розум адключыўся, маральныя заслоны ўпалі. Адзін удар, другі, і яна ападае ўніз. Там было цёмна, біў па галаве, куды пападала. Пакуль не абмякла».

Потым, паводле падсуднага, ён абматаў шыю былой жонкі вяроўкай і душыў.

«Колькі трымаў вяроўку, ня памятаю. Забалелі рукі».

Паводле Ціханкова, ён думаў, што трэба выклікаць міліцыю, але ўжо было позна.

«Раней трэба было, калі зьявілася першая кроў».

Матыў забойства: помста ці гнеў?

Свой матыў падсудны патлумачыў боязьзю за жыцьцё новай жонкі і будучага дзіцяці. «Я раней шмат што ёй дараваў, але гэтага ня змог».

Вось якія дэталі падсудны паведаміў суду пра тое, як патапіў цела былой жонкі ў Вілейскім вадасховішчы.

Каб схаваць цела, Андрэй Ціханкоў выкарыстаў баул, у якім вазіў рыштунак для паходу ў Карэлію. Паклаў цела ў баул, паставіў у багажнік, узяў у багажнік і мэталічную балванку, якой забіў жонку. Потым гэтую балванку выкінуў па дарозе.

Спачатку завёз цела ў лес каля магілёўскай шашы за кальцавой дарогай і прысыпаў зямлёй. На наступны дзень спрабаваў змыць плямы крыві ў гаражы, выкінуў у сьмецьцевы бак жончыну торбачку. Праз два дні выкінуў у Сьвіслач пакунак з мабільнікам і дакумэнтамі жонкі.

Падсудны сказаў, што нікому не казаў пра забойства, каб «не перадаваць гэты боль іншаму чалавеку».

«Я жыў з гэтым болем увесь час. Мне былі відзежы, яна прыходзіла да мяне. Міма па шашы мне цяжка было езьдзіць, таму празь месяц я прыехаў, знайшоў той баул зь целам, перавёз на Вілейскае вадасховішча, дзе мы часта адпачывалі, і на лодцы завёз на глыбіню ды патапіў».

У баул зь целам былой жонкі Ціханкоў паклаў некалькі цаглін, але і так баул доўга не тануў.

«Тады я зрабіў нажом дзіркі, і баул патануў.

Цалкам раскайваюся. Кожны дзень яе твар перада мной. У царкве я вырашыў для сябе, што гэта Бог дае мне такое выпрабаваньне і я прайду яго да канца. Вельмі шкадую, што гэтак атрымалася», — сказаў, пасьля таго як даў паказаньні, Андрэй Ціханкоў.

«Яны жылі нармальна, яна не была такой пʼяніцай»

Брат забітай Аляксей Папкоў па-іншаму прадстаўляе жыцьцё ў сямʼі сястры і іхнія адносіны з Андрэем Ціханковым. Паводле Аляксея, сястра Людміла шмат не піла, а калі і выпівала, дык разам з мужам. Прыкладам, калі яны разам прыяжджалі да бабулі ў Шклоў.

«Пра чалавека, якога няма, можна казаць што заўгодна, але гэтак, як кажа Андрэй, не было», — сказаў пацярпелы пра тое, што Людміла нібыта злоўжывала алькаголем.

«Аднойчы сястра сказала, што муж яе зьбіў», — згадаў пацярпелы пра канфлікт у сямʼі Ціханковых. Таксама пра Андрэя сястра казала брату, што ён здраджвае ёй зь іншымі жанчынамі.

«Пра тое, што ён завёў новую жонку, яна даведалася з інтэрнэту».

Пры гэтым брат Людмілы Ціханковай пацьвердзіў, што былы муж дапамагаў матэрыяльна ёй і іхняй дачцэ.

«Ёй набыў і перадаў картку».

Пацьвердзіліся зьвесткі і пра тое, што падсудны набыў жонцы аўтамабіль Toyota RAV4, які яна аднойчы пабіла, сеўшы за стырно нецьвярозай.

Паводле Аляксея, ягоная сястра «наўрад ці магла гэтак справакаваць Андрэя, каб той яе забіў».

Яшчэ Аляксей Папкоў пацьвердзіў суду, што да шлюбу з Андрэем Ціханковым ягоная сястра паехала на заработкі ў Турэччыну, дзе трапіла ў нявольніцтва. На пытаньні адваката Ціханкова, якое гэта было нявольніцтва і чым сястра займалася ў Турэччыне, пацярпелы не адказаў.

Дачка і брат забітай — Анастасія, якую прызналі пацярпелай, і Аляксей Папкоў — прасілі суд праводзіць паседжаньні ў закрытым рэжыме, але суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

Паседжаньне вядзе судзьдзя Анатоль Барысёнак. Працэс адновіцца 14 лютага.

XS
SM
MD
LG