Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў вярнуць незалежныя газэты ў «Белсаюздрук» і ў сыстэму падпіскі. Некаторым выданьням няма чаго вяртаць


Галоўны рэдактар "Бабруйскага кур’ера" Анатоль Санаценка

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў галоўнаму рэдактару «Народнай Волі» Ёсіфу Сярэдзічу, што праблемы з распаўсюдам рэгіянальных газэт праз пошту і шапікі «Белсаюздруку» больш ня будзе.

Ёсіф Сярэдзіч на асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам узьняў гэтае пытаньне, прывёўшы прыклад «Барысаўскіх навінаў» і «Газеты Слонімскай», зь якімі «Белсаюздрук» і «Белпошта» больш за 10 гадоў таму скасавалі дамовы. З таго часу абедзьве газэты ня могуць трапіць ані ў падпісныя каталёгі, ані ў шапікі.

«Я магу зараз пахваліцца, што праблема, якая існавала апошнія гады з рэгіянальнымі газэтамі, зьнікае. Лукашэнка сказаў: «Можаш адкрыта сказаць сваім калегам, што праблемы зь сёньняшняга дня больш ня будзе», — кажа Ёсіф Сярэдзіч.

Начальнік «Белсаюздруку» казаў: «Не хачу, і ўсё»

Навіна ўзрадавала галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Віктара Валадашчука:

Віктар Валадашчук
Віктар Валадашчук

«Я вельмі рады гэта пачуць. Бо на працягу 11 гадоў „Газэта Слонімская“ ня мела магчымасьці распаўсюду ні празь „Белпошту“ (падпіска), ні праз шапікі „Белсаюздруку“. Больш за тое, калі апошнім разам мы размаўлялі з начальнікам Гарадзенскай абласной філіі „Белсаюздруку“ і пыталіся, чаму яны ня хочуць нас распаўсюджваць, начальнік адказаў проста: „Не хачу, і ўсё“. „Белпошта“ пастаянна адмаўляла нам — маўляў, „немэтазгодна“. Больш за тое, нам забаранялі распаўсюджваць выданьне ў вялікіх крамах — „Эўраопт“, „Алмі“ не дазвалялі прадаваць „Газету Слонімскую“. Так што навіна добрая, гэта дазволіць нам на роўных умовах працаваць зь іншымі выданьнямі.

Цяпер мы прадаём увесь наклад на вуліцы, праз бабулек. І цяпер наклад — 3,5 тысячы. А ў лепшыя часы наклад быў 12,5 тысячы. Паступова ён зьніжаўся. Невялікая частка накладу, акрамя Слоніма, распаўсюджваецца ў суседніх Мастах, Зэльве і Дзятлаве».

З падпіснога каталёга і шапікаў выкінулі ў 2005-м

Галоўны рэдактар выданьня «Борисовские новости» Анатоль Букас таксама не хавае радасьці ад такой весткі:

Анатоль Букас
Анатоль Букас

«У траўні 2005 году нас выкінулі з падпіснога каталёга і шапікаў. З таго часу распаўсюджваемся самастойна, толькі на рынках. Не засталося ніводнай крамы, дзе б нам дазвалялі прадаваць газэту. Тры месяцы таму мы заключылі дамову з новым магазінам „Славянскі“, і там газэта прадавалася адзін месяц, але наведаліся чыноўнікі з райвыканкаму, паразмаўлялі з дырэктаркай. Яна мне тэлефануе, выбачаецца, і кажа, што прадаваць газэту больш ня будзе.

На сёньняшні дзень наклад „Борисовских новостей“ — 3,5 тысячы асобнікаў, і 7 тысяч — „Рекламный боржоми“. Наклады невялікія не таму, што газэта нецікавая, а таму, што цяжка распаўсюджваць сваімі сіламі. У лепшыя часы ў нас наклад быў 17,5 тысячы. Мы ў два з паловай разы перакрывалі наклад абласной газэты „Мінская праўда“ і амаль у 4 разы — дзяржаўнай раённай газэты „Адзінства“ (у яе наклад быў 4100 асобнікаў). Тады мясцовыя ўлады вырашылі нас адусюль выкінуць, а афіцыйную газэту праз прымусовую падпіску навязалі школам, прадпрыемствам. Дый перавабілі нашы кадры ў раёнку: загадчыка аддзелу рэклямы, мэнэджэра, вярстальшчыка, карэктара.

Пры магчымасьці распаўсюду газэты праз падпіску і дазволе прадавацца ў шапіках спадзяёмся істотна павялічыць наклад».

Анатоль Букас дадаў, што сёлета ў ліпені «Борисовские новости» адзначаць сваё 25-годзьдзе.

«Бабруйскага кур’ера» на паперы ўжо няма

«Папяровы» наклад «Бабруйскага кур’ера» некалі сягаў 20 тысяч асобнікаў. Паводле рэдактара Анатоля Санаценкі, «пільная ўвага» ідэолягаў да зьместу незалежнага выданьня зьменшыла наклад да сямі тысяч, а потым да дзьвюх. Да таго ж газэце заблякавалі рахунак, і выдаваць яе стала немагчыма.

Апошнія некалькі год газэта жыве ў інтэрнэце, хоць і застаецца зарэгістраваным выданьнем.

Анатоль Санаценка
Анатоль Санаценка

«У шапіках вельмі важна прадавацца. Можа, нават ня столькі з эканамічнага гледзішча, колькі для патэнцыйных рэклямадаўцаў», — рэагуе Анатоль Санаценка на абяцаньне Лукашэнкі вярнуць рэгіянальную прэсу ў продаж гандлёвай сеткі «Саюздруку».

«Рэклямадаўцы глядзяць найперш, ці ёсьць выданьне ў шапіку, — кажа ён. — Калі ёсьць, то рэкляму пачытае спажывец. Дый тыя працэнты, якія выгадае газэта ад продажу ў шапку, ня лішнія».

Анатоль Санаценка, тым ня менш, лічыць, што аднаўляць друкаваную вэрсію газэты ня час. Бо незалежная прэса яшчэ ня можа пачуваць сябе вольна.

«Нічога не зьмянілася ў нашым ідэалягічна-прававым, палітычным, грамадзкім асяродзьдзі. Засталіся тыя ж самыя кіраўнікі ідэалёгіі на сваіх пасадах, нават пайшлі вышэй. Акрамя таго, мы прызвычаіліся працаваць у электронным выглядзе. Раней газэта выходзіла раз на тыдзень. Цяпер штодня абнаўляецца сайт. Вяртацца да таго, што было, пакуль не зьбіраемся. Патрэбныя перамены ў грамадзкім жыцьці. Павінна зьмяніцца ўлада і тыя, хто пры ўладзе. Павінны адбыцца зьмены і ў эканоміцы».

Апошні раз «Бабруйскі кур’ер» выйшаў друкам у 2010 годзе. Паводле Анатоля Санаценкі, сыход у інтэрнэт быў вымушанай мерай, бо абслугоўваць улады, станавіцца прыўладнай газэтай не жадалі.

«Мы пісалі пра тое, што адбывалася. Калі тэмы тычыліся ўлады і яе спраў, то пісалі на гэтыя тэмы вольна. Мы не былі для ўлады ідэалягічнымі супрацоўнікамі і гэтым перашкаджалі. Не пыталіся ў чыноўнікаў, на якія тэмы пісаць. Мы стараліся аб’ектыўна падаваць інфармацыю. Інакш працаваць мы не маглі. За гэта на нас ціснулі на працягу 7 гадоў, што адбівалася на бюджэце газэты».

XS
SM
MD
LG