Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускую біягазавую індустрыю прыйшлі першыя грошы


Ілюстрацыйнае фота. Мэтантанк біягазавай устаноўкі

Савет Міністраў Беларусі пагадзіўся з прапановай Паўночнай экалягічнай фінансавай карпарацыі (NEFCO) аб адкрыцьці крэдытнай лініі «Белаграпрамбанку» для інвэстыцыйных праектаў у сфэры біягазавай індустрыі.

Сума крэдытнай дамовы — да 5 мільёнаў эўра. Адпаведная пастанова Савета Міністраў апублікаваная на партале pravo.by. Пра сумесны праект NEFCO і «Белаграпрамбанку» паведамлялася яшчэ восеньню 2016 году. У банку адзначалі, што да супрацоўніцтва запрашаюцца кампаніі з аграрнага сэктару эканомікі.

NEFCO — карпарацыя, створаная ў 1990 годзе Даніяй, Ісьляндыяй, Нарвэгіяй, Фінляндыяй і Швэцыяй, якая займаецца фінансаваньнем экалягічных праектаў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Рамачнае пагадненьне паміж Беларусьсю і Паўночнай экалягічнай фінансавай карпарацыяй было падпісана 20 студзеня 2015 году.

Аглядальнік інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак зазначае, што, імкнучыся разьвіваць біягазавую індустрыю, Беларусь ідзе ў рэчышчы сусьветных тэндэнцыяў. Але пакуль маштабы гэтых праектаў зусім не вялікія:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Беларусь імкнецца максымальна выкарыстоўваць усе альтэрнатыўныя рэсурсы, у тым ліку біягаз. Але цяпер толькі-толькі пачынаецца рэалізацыя такіх праектаў. Пакуль няшмат інвэстараў прыйшлі працаваць у гэтую сфэру і аб’ёмы гэтых праектаў зусім не вялікія», — адзначыла Манёнак у камэнтары Свабодзе.

XS
SM
MD
LG