Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мазырпрамбуд», які будаваў Беларускую АЭС і дамы ў Вэнэсуэле, збанкрутаваў


Ілюстрацыйнае фота

Эканамічны суд Гомельскай вобласьці распачаў справу пра банкруцтва колішняга горадаўтваральнага прадпрыемства Мазыру — адкрытага акцыянэрнага таварыства «Мазырпрамбуд» — з увядзеньнем абароненага пэрыяду да 28 траўня 2017 году.

«Нас не ліквідоўваюць, — тлумачыць намесьніца генеральнага дырэктара „Мазырпрамбуду“ ў пытаньнях эканомікі Алена Сіраж. — Нам даюць час, так званы абаронены пэрыяд, на аднаўленьне сваёй платаздольнасьці».

Публікуючы інфармацыю аб працы акцыянэрных таварыстваў, Міністэрства фінансаў Беларусі пазначыла, што чыстыя страты ААТ «Мазырпрамбуд» за 2015 год склалі 62,5 мільярда рублёў, за першы і другі кварталы 2016 году — адпаведна 3,7 і 4,2 мільярды. Памер крэдыторскай запазычанасьці на пачатак мінулага году перавысіў 100 мільярдаў рублёў.

«Мазырпрамбуд» стаў лідэрам у скарачэньні пэрсаналу. Яшчэ ў 2011 годзе тут працавалі звыш 2 тысяч чалавек, летась — усяго 931.

Асноўнай прычынай складанага фінансавага становішча, адзначаюць у «Мазырпрамбудзе», сталіся ўзятыя ў свой час «крэдыты банкаў пад вялікія працэнты».

Абаронены пэрыяд у дзейнасьці «Мазырпрамбуду» вызначаецца прыпыненьнем выкананьня судовых рашэньняў у маёмасных прэтэнзіях, якія набылі юрыдычную моц да 15 сьнежня 2016 году. Прызначана і часовае кіраўніцтва ў справе — мазырскае ТАА «Бізнэс-Шанс».

Будаўнічае акцыянэрнае таварыства «Мазырпрамбуд» было створана ў сьнежні 1970 году (на той час — будтрэст № 6) дзеля ўзьвядзеньня Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. У далейшым арганізацыя займалася будаўніцтвам і рэканструкцыяй прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектаў, узводзіла спартовыя і культурныя комплексы, школы і паліклінікі, а таксама жылыя дамы, у тым ліку маналітныя ў Вэнэсуэле.

Мазырскія спэцыялісты ўдзельнічалі ў будаўніцтве горнаўзбагачальнага камбінату вытворчасьці калійных угнаеньняў у Туркмэністане, Беларускай АЭС ў Астраўцы.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG