Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-пад самай высокай дамбы ў ЗША эвакуююць людзей


Жыхарам мястэчак пад дамбай возера Ораўіл, што ў Каліфорніі, 11 лютага была абвешчаная тэрміновая эвакуацыя, піша Reuters. Каля 160 тысяч чалавек жывуць у раёне, які могуць закрануць наступствы разбурэньня найвышэйшай дамбы Злучаных Штатаў.

Але падобна, што сытуацыя пад кантролем. У дамбы часткова абваліўся аварыйны вадасьцёк, які давялося выкарыстоўваць пасьля моцных дажджоў. Пачалося працяканьне вады. Першапачаткова ўлады далі каманду на тэрміновую эвакуацыю, бо думалі, што дамбу можа прарваць цягам гадзіны. Але вадасьцёк выстаяў, даўшы час «заткнуць» пашкоджаны ўчастак, скінуўшы на яго валуны зь верталётаў.

Каманду на эвакуацыю, тым ня менш, не скасоўвалі. На дарогах, што вядуць з патэнцыйна небясьпечнай зоны, утварыліся заторы.

У канцы 2015 году праз засуху ўзровень возера Ораўіл значна ўпаў: быў час, калі яно было запоўненае толькі на траціну. Але моцныя залевы ў лютым рэзка паднялі узровень вады, да максымальнай вышыні 230-мэтровай дамбы заставалася 2 мэтры. Было прынятае рашэньне скарыстаць аварыйны вадасьцёк, што не выкарыстоўваўся з 1968 году — з завяршэньня будаўніцтва. Але ў ім утварылася вялізная карставая варонка, якую і давялося «затыкаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG