Два блізкаўсходнія тэлеканалы паведамілі аб раненьні падчас авіяўдару ў Іраку Абу Бакр аль-Багдадзі — лідэра экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Міністэрства абароны ЗША пакуль не пацьвердзіла гэтай інфармацыі.
Паводле зьвестак вяшчальнікаў Alsumaria і Alhurra, бамбаваньне зьведала паселішча Эль-Каім на мяжы Іраку з Сырыяй. Паведамляецца, што аль-Багдадзі атрымаў цяжкія раненьні. Таксама ад авіяўдараў міжнароднай кааліцыі пацярпелі некалькі іншых ісламістаў.
На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Іраку Хейдар аль-Абадзі заявіў, што ўладам краіны ўдалося высьветліць месцазнаходжаньне аль-Багдадзі і ўсе ягоныя перамяшчэньні адсочваюць.
Улады ЗША абвясьцілі Абу Бакр аль-Багдадзі ў міжнародны вышук, за інфармацыю пра яго прызначаная ўзнагарода да 10 мільёнаў даляраў. Неаднаразова паступала інфармацыя пра гібель лідэра «Ісламскай дзяржавы», але пазьней яе абвяргалі.