Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 вандровак да тых, хто чакае вашай дапамогі


Калі вам даспадобы готыка і барока, клясыцызм і рэнэсанс і вы хочаце, каб іх убачылі вашы дзеці і ўнукі, сьпяшайцеся да іх, пакуль яны ня зьніклі. Яны чакаюць вашай дапамогі.

1. Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі. Вёска Смальяны на Аршаншчыне

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі — помнік архітэктуры позьняга барока. Першапачатковы варыянт будынку паўстаў у 1680 годзе на сродкі ўладальніка мястэчка князя Гераніма Сангушкі. Тады ўсе часткі касьцёла былі драўлянымі і толькі ў 1786 годзе іх перарабілі ў мураваныя. Да 1832 году ў дадатковым кляштарным будынку жылі манахі-дамініканцы, там жа разьмяшчалася і невялікая парафіяльная школа. Летам 1853 году ў Смальянах здарыўся пажар, які пашкодзіў большасьць кляштарных пабудоў.

У 20 гады ХХ стагодзьдзя касьцёл у Смальянах закрылі, памяшканьні былога кляштара ўладкавалі пад клясы школы. Пазьней кляштарны будынак перадалі мясцовай машынна-трактарнай станцыі і ажно да 1989 году ён выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах. Эксплюатацыя старажытнага касьцёла ў якасьці школы, а пазьней гаспадарчай пабудовы прывяла помнік гісторыі, культуры і рэлігіі да частковага разбурэньня.

2. Усьпенскі храм. Урочышча Пустынкі на Мсьціслаўшчыне

Пустынскі манастыр, на тэрыторыі якога месьціцца Ўсьпенскі храм, быў заснаваны яшчэ ў 1380 годзе мсьціслаўскім князем Лугвенам Альгердавічам. Манастыр перажыў шмат гістарычных падзеяў, што паўплывала на яго сумную гісторыю, якая зьвязана з шматлікімі чалавечымі стратамі. Гістарычныя крыніцы паведамляюць, што падчас Лівонскай вайны ў 1563 годзе частку манахаў манастыра забілі, частка іх была вымушаная пакінуць манастыр і бегчы.

Толькі ў 1605 годзе манастыр зноў зажыў новым жыцьцём, на гэты раз — пад уладай уніятаў. У 1801-1808 гадах будуецца Ўсьпенскі храм, які часткова захаваўся і да нашага часу. У 1839 годзе манастыр аддаюць праваслаўным вернікам. Пасьля гэтага манастыр двойчы спрабавалі зачыніць і разрабаваць: падчас рэвалюцыі 1918 году і ў 1943 годзе, калі манастыр быў падарваны немцамі. У 2003 годзе распачатыя працы па аднаўленьні манастыра. Працэс рэстаўрацыі ідзе павольна — пакуль амаль цалкам адноўленая толькі стройная белая званіца вышынёй каля 60 мэтраў. Была таксама адноўлена Пакроўская царква.

Пустынскі Ўсьпенскі манастыр мае і сваю рэліквію. Выява Хрыста, адкрытая падчас рэстаўрацыі аднаго з будынкаў манастырскага комплексу ў 2003 годзе, лічыцца нерукатворнай. Гэты ўнікальны чароўны знак прыцягвае мноства паломнікаў у Пустынкі — былую вёску, а цяпер — урочышча, якое ўжо амаль цалкам страціла сваё насельніцтва. Кажуць, з кожным годам абрыс Хрыста ярчэе і становіцца больш выразным, а на некаторых фатаздымках можна ўбачыць празрыста-блакітныя вочы Ісуса.

3. Ружанскі палац. Гарадзкі пасёлак Ружаны пад Берасьцем

Ружанскі палац — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў стылі позьняга клясыцызму. Журналісты і гісторыкі часта называюць гэты замак «беларускім Вэрсалем», таму што паводле стылістыкі Ружанскі палац падобны на вядомы палацава-паркавы ансамбаль у Францыі. Больш за тое, некаторыя гісторыкі лічаць, што праект Ружанскага палаца грунтаваўся менавіта на аснове архітэктурнага стылю Вэрсальскага палацу.

Першыя збудаваньні на месцы сёньняшняга палаца ў мястэчку Ружаны былі ўзьведзеныя ў 1602 годзе на сродкі канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. У старадаўніх ружанскіх запісах, датаваных 1602 годам, згадваецца пра буйнамаштабныя будаўнічыя працы. Хутчэй за ўсё Ружанскі палац узводзіўся менавіта на тым месцы, якое згадваецца ў хроніцы. Верагодна, што на месцы палацу раней была старая сядзіба Тышкевічаў — вядомага роду ў Вялікім княстве Літоўскім. Пэрыядам узьвядзеньня Ружанскага палацу гісторыкі лічаць 1784, 1785 і 1786 гады, калі ён быў амаль цалкам перабудаваны ў параўнаньні з варыянтам 1602 году. Першапачаткова палац меў абарончы характар — двухпавярховы крыжападобны ў пляне мураваны аб’ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы.

4. Крэўскі замак. Мястэчка Крэва на Смаргоншчыне

Гістарычныя крыніцы сьведчаць, што менавіта ў гэтым замку паводле загаду вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Ягайлы ў 1382 годзе быў забіты яго дзядзька Кейстут. У 1385 годзе ў Крэўскім замку быў падпісаны акт Крэўскай уніі. Менавіта Крэўскую ўнію можна лічыць падзеяй, якая стала пачаткам збліжэньня Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Пасьля падпісаньня ўніі Ягайла прыняў каталіцкае веравызнаньне, а разам зь ім і хрысьціянскае імя Ўладзіслаў. Пасьля заключэньня ўніі ён пераехаў у Кракаў. Застаўшыся без гаспадара, Крэўскі замак стаў паступова губляць сваё гісторыка-палітычнае значэньне.

Апошні раз Крэўскі замак стаў на абарону беларускіх земляў падчас Першай сусьветнай вайны, калі празь мястэчка праходзіла лінія фронту.

У чэрвені 2016 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 437 унёс Крэўскі замак у сьпіс з 27 аб’ектаў, выдаткі на забесьпячэньне якіх могуць зьбірацца з рэспубліканскага бюджэту.

5. Гальшанскі замак. Мястэчка Гальшаны на Ашмяншчыне

Гальшанскі замак да 1525 году знаходзіўся ва ўладаньні князёў Гальшанскіх. Пасьля шлюбу князёўны Алены з Паўлам Сапегам перайшоў да роду Сапегаў. Замак шматразова разбураўся і перабудоўваўся, што паўплывала на яго выгляд у розных прамежках часу. Аднак некаторымі асаблівасьцямі замак славіўся заўсёды. Аднымі зь іх былі кафляныя печы, якія адыгрывалі дэкаратыўную ролю. Таксама цікавінкай было існаваньне ўласнай унікальнай сыстэмы ацяпленьня і каналізацыі. Багацьця Сапегаў хапіла нават на штучныя азёры, дно якіх было выкладзенае дарагой пліткай. Насупраць брамы, на супрацьлеглым баку падворка знаходзілася маленькая капліца.

Сур’ёзныя разбурэньні замак зазнаў ужо ў найноўшай гісторыі. Падчас панаваньня савецкай улады ў замку разьмяшчалася пчалярская вучэльня. На загад тагачаснага дырэктара вучэльні кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглін для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы адпачынак дадому. Так за дадатковы дзень адпачынку выхаванцы пчалярскай вучэльні разбуралі шматгадовую гісторыю мястэчка Гальшаны.

6. Царква Аляксандра Неўскага. Мястэчка Княжыцы на Магілеўшчыне

Царква Аляксандра Неўскага (першапачаткова касьцёл Сьвятога Мікалая) у старой вёсцы Княжыцы, згадваецца ў летапісах яшчэ ў XV-XVI стагодзьдзях і знаходзіцца ў 15 кілямэтрах ад Магілёва. Помнік паўстаў у стылі барока. Вышыня вежаў дасягае 20 мэтраў, унутры маецца вялікая прастора, а зьнешне выглядае вельмі велічна. Архітэктурнае панаваньне вэртыкальных лініяў і скарачэньне шырыні ярусаў уверсе стварае ўражаньне ўзьлёту аб’ёму храма. Касьцёл быў зачынены ў 1863 годзе падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага, а ў 1865 годзе пераведзены ў праваслаўную царкву Аляксандра Неўскага. Архітэктура будынку знаходзілася пад уплывам некалькіх рэканструкцыяў, у тым ліку і пад праваслаўную царкву ў 1872 годзе. Аднак найбольшыя канцэптуальныя страты храм панёс ад часу і мясцовых людзей. У 1965 царква была зачыненая, на працягу канца ХХ стагодзьдзя будынак быў амаль цалкам зьнішчаны і абрабаваны. Мясцовыя кажуць, што будынак плянуюць аднавіць тамтэйшыя ўлады. Аднак сёньня ён знаходзіцца ў занядбаным стане.

7. Касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі. Мястэчка Вялікая Бераставіца на Гарадзеншчыне

Самы манумэнтальны помнік Вялікай Бераставіцы касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі (таксама вядомы як Дабравешчанскі касьцёл) быў узьведзены альбо ў 1615, альбо ў 1620 гадах віленскім кашталянам Еранімам Хадкевічам. У 1741 годзе адбыўся капітальны рамонт будынка, таму менавіта з гэтага году прынята адлічаць жыцьцядзейнасьць касьцёла ў тым структурным выглядзе, які часткова захаваўся да нашых дзён. Доўгі час частка касьцёла зьяўлялася сямейнай пахавальняй уладальнікаў Бераставіцы — Хадкевічаў. Тут у адмысловым пакоі захоўвалася сэрца Яна Караля Хадкевіча — вядомага дзеяча Рэчы Паспалітай. За сотні гадоў у склепе касьцёла адбылося шмат пахаваньняў, некаторыя зь якіх у 1960 гады былі разрабаваныя.

8. Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў. Мястэчка Закозель на Берасьцейшчыне

Капліцу-пахавальню роду Ажэшкаў можна лічыць адной з найпрыгажэйшых у Беларусі. Яна знаходзіцца ў невялічкім мястэчку Закозель у Драгічынскім раёне. Капліца-пахавальня ўваходзіць у Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў — гняздо вядомага беларускага роду.

Упершыню Закозель згадваецца ў XIII стагодзьдзі, аднак з таго часу засталіся скупыя зьвесткі. Дакладная дата пабудовы капліцы-пахавальні невядомая, аднак прынята лічыць, што яна была ўзьведзена ў 1839 годзе паводле праекту, які склаў вядомы на той час беларускі і польскі архітэктар Францішак Яшчалда. Унутры склепа можна пабачыць залю, насычаную арнамэнтамі, а таксама цікавыя стральчатыя вокны зь пераплётамі геамэтрычнага малюнку. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залі.

Вядома, што пісьменьніца і актыўная ўдзельніца нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі Эліза Ажэшка неаднаразова наведвала Закозель, таму што на той час пражывала ў суседнім маёнтку Людзьвінава. Паводле некаторых дадзеных, у капліцы-пахавальні падчас паўстаньня 1863-1864 гадоў хаваўся адзін зь яго кіраўнікоў — генэрал Рамуальд Траўгут.

9. Палац Шадурскіх. Мястэчка Асьвея на Верхнядзьвіншчыне

Невялікая вёска Асьвея Верхнядзьвінскага раёна Віцебскай вобласьці лічылася «Паўночнай жамчужынай» беларускага краю. У вёскі ёсьць нават уласныя сьцяг і герб! Яшчэ ў XIX стагодзьдзі гэта быў пышны горад, адбудаваны ў стылі рэнэсансу, з трыма каменнымі храмамі, а таксама вялікім і раскошным палацам, ад якога сёньня засталіся толькі руіны. Гэта палац Шадурскіх (таксама вядомы як палац Гільзенаў-Шадурскіх, Асьвейская сядзіба). Палац пабудаваны ў 1782 годзе ў стылі клясыцызму менскім ваяводам Янам Аўгустам Гільзенам, які зьяўляўся аўтарам «Кронікі інфлянцкай». З 1786 году палац належаў графу Шадурскаму. У 1914-м «паўночная жамчужына» была часткова разбураная, астатняе давяршыў час і людзі.

10. Раство-Багародзічны манастыр. Мястэчка Юравічы на Гомельшчыне

Вёска Юравічы, якая месьціцца ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласьці, прываблівае аматараў гісторыі тым, што менавіта там знойдзеныя стаянкі часоў пэрыяду верхняга палеаліту (26 тысяч гадоў таму на рацэ Прыпяць разьмяшчалася стаянка першабытнага чалавека). Акрамя археалягічных цікавінак, у Юравічах абавязкова трэба зьвярнуць увагу на Раство-Багародзічны манастыр (таксама вядомы як касьцёл Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі, калегіюм езуітаў і Юравіцкі манастыр). Гісторыя Юравіцкага манастыра шчыльна зьвязаная з аднайменным цудатворным абразам Маці Божай. Чуткі аб цудатворнай іконе разышліся далёка, і каб пакланіцца ёй, у Юравічы прыяжджалі многія паломнікі. Сярод іх былі і каталікі, і праваслаўныя.

Сёньня будынак належыць праваслаўнай царкве, Раство-Багародзічны мужчынскі манастыр пры ёй дзейны.

11. Троіцкая царква. Вёска Белая Царква ў Чашніцкім раёне Віцебшчыны

Троіцкая царква ў вёсцы Белая Царква — праваслаўны храм канца 16 стагодзьдзя, які зьяўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры раньняга барока. Яна была ўзьведзеная на сродкі канцлера Вялікага княства Літоўскага Ільва Сапегі.

Ад белых сьцен царква атрымала назву Белацаркоўскай. У склепе царквы былі пахаваныя бацькі Сапегі. У царкве мелася копія вядомага абразу «Маці Божай Знак», перавезеная ў 1640 годзе з Ружанаў Пружанскага раёна сынам канцлера Казімірам. У 1834 годзе царкву зачынілі, з часам яна зазнала разбурэньне і частковае зьнішчэньне. Мураваны храм з масіўнай вежай, таўшчыня сьценаў якой дасягала 1,75-2 мэтра, сёньня ператвораны ў руіны. Плянуецца рэстаўрацыя.

12. Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Мястэчка Лыскава на Берасьцейшчыне

У перадгісторыі пабудовы храму ўдзельнічаў ваявода віцебскі і стараста жмудзкі Мацей Клачко, які яшчэ ў 1527 годзе заснаваў у Лыскаве драўляны касьцёл. У 1751 годзе касьцёл быў перададзены манахам-місіянэрам, якія ў 1763-1785 гадах пабудавалі на тым месцы манастыр з каменным Троіцкім касьцёлам, які часткова захаваўся да нашых дзён. Касьцёл пабудаваны ў стылі віленскага барока. У 1818 годзе да яго прыбудавалі вежу, а ў 1841 годзе касьцёл стаў прыхадзкім.

У 1863 годзе касьцёл пераводзяць у праваслаўную царкву. Гэта было зьвязана з падаўленьнем паўстаньня 1863-1864 гадоў. У 1921 годзе касьцёл вярнулі каталікам. У 1950 гады ХХ стагодзьдзя касьцёл моцна пашкодзілі, у 1960 годзе зачынілі.

На цьвінтары каля касьцёла знаходзіцца пахаваньне вядомага польскага і драматурга Францішка Карпінскага.

***

Дванаццаць помнікаў, да якіх варта паехаць, паглядзець і абудзіцца жаданьнем дапамагчы ім застацца ў будучыні. Дапамагчы хаця б сваёй неабыякавасьцю.


Альгерд Пінчук

XS
SM
MD
LG