Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Крэмль разглядае магчымасьць выдачы ЗША Сноўдэна


Эдвард Сноўдэн

Крэмль разглядае магчымасьць выдачы Эдварда Сноўдэна ЗША. Такую выснову зрабіла амэрыканская выведка, паведамілі тэлекампаніі NBC два неназваныя супрацоўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў.

Паводле высокапастаўленага прадстаўніка выведкі, дадзеныя аналізу інфармацыі выведкі сьведчаць пра тое, што расейскае кіраўніцтва разглядае магчымасьць выдачы Эдварда Сноўдэна як жэст, разьлічаны на добразычлівую ўвагу з боку прэзыдэнта Трампа.

Амэрыканскі адвакат Сноўдэна паведаміў пра тое, што яму нічога не вядома пра намер выдаць яго кліента Злучаным Штатам. Сам Эдвард Сноўдэн напісаў у Твітэры, што гэтая навіна служыць доказам таго, што ён не супрацоўнічаў з расейскімі выведслужбамі:

«Ніводная краіна не выдае шпіёнаў, паколькі іншыя пачнуць асьцерагацца, што яны — наступныя».

Амэрыканскі грамадзянін Эдвард Сноўдэн, які працаваў па кантракце з Агенцтвам нацыянальнай бясьпекі ЗША, якое займаецца электроннай выведкай, у 2013 годзе перадаў журналістам сотні тысяч старонак сакрэтнай дакумэнтацыі пра апэрацыі па перахопе электроннай перапіскі і зборы дадзеных пра тэлефанаваньні амэрыканцаў. Вясной 2013 году ён зьбег у Ганконг, а потым у Маскву, дзе яму быў дадзены часовы прытулак. Расея адмовілася выдаць Сноўдэна ЗША, дзе яму можа пагражаць 30-гадовы турэмны тэрмін па трох пунктах абвінавачваньня, што стала падставай для пагаршэньня амэрыкана-расейскіх адносінаў.

Эдвард Сноўдэн шматкроць выказваў жаданьне вярнуцца ў ЗША, калі ён ня будзе аб’ектам крымінальнага перасьледу. Дональд Трамп падчас перадвыбарчай кампаніі называў Сноўдэна здраднікам і заклікаў пакараць яго.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG