Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aбаронцы парку ад будаўніцтва копіі Сафійскага сабору прызнаныя пераможцамі конкурсу «Чалавек году Віцебску»


Парк, які ўдалося адстаяць
Парк, які ўдалося адстаяць

Некалькі гадоў таму гэты конкурс быў заснаваны рэдакцыяй сайту «Народныя навіны Віцебску». Але ўпершыню сярод прэтэндэнтаў быў вылучаны калектыўны намінант — «Жыхары вуліцы Чэхава». Гэтая супольнасьць і перамагла паводле вынікаў анлайн-галасаваньня.

Вуліца Чэхава — гістарычная частка гораду
Вуліца Чэхава — гістарычная частка гораду

Паводле заснавальніка і рэдактара «ННВ» Сяргея Серабра, прэтэндэнтаў на званьне «Чалавек году Віцебску» вылучае рэдакцыя:

«Гэта героі нашых матэрыялаў, якія зрабілі ў 2016 годзе нейкі ўчынак, які прынёс шырокую вядомасьць гораду. Адной з самых рэзанансных падзей летась былі грамадзкія выступы супраць зьнішчэньня віцебскага парку дзеля будаўніцтва ў гэтым месцы копіі полацкага Сафійскага сабору ўзору ХІ стагодзьдзя. Нягледзячы на тое, што замоўнікі будаўніцтва — Віцебская эпархія Беларускай праваслаўнай царквы — ужо пасьпелі адгарадзіць частку тэрыторыі парку будаўнічым плотам і нават павесіць пашпарт аб’екта, пазначыўшы пачаткам будаўніцтва верасень, віцяблянам удалося ўсё адмяніць. Калектыўныя лісты і сходы адыгралі сваю ролю: кіраўніцтва вобласьці ініцыявала праверку, і высьветлілася, што ў замоўнікаў няма грошай на будаўніцтва. І патэнцыйны „даўгабуд“ адмянілі».

Парк за плотам (архіўнае фота)
Парк за плотам (архіўнае фота)

Сход пратэсту (архіўнае фота)
Сход пратэсту (архіўнае фота)

Плот у парку прыбралі, і цяпер там усё па-ранейшаму. Адно што службы ЖКГ чамусьці не прыбіраюць тэрыторыю, некалі вызначаную пад будаўніцтва. Але гэта не галоўнае, лічыць пэнсіянэрка Клара Сянкевіч, жыхарка вуліцы Чэхава, адна са складальніц калектыўных лістоў пратэсту:

Клара Сянкевіч зь лістом пратэсту і ўжо прызначаны настаяцель нязбудаванай копіі Сафійскага сабору Міхаіл Мартыновіч
Клара Сянкевіч зь лістом пратэсту і ўжо прызначаны настаяцель нязбудаванай копіі Сафійскага сабору Міхаіл Мартыновіч

«Сьцежкі не расчышчаныя, гэта кепска. Але ўсё адно мы і задаволеныя, і ўдзячныя іншым гараджанам, якія далучыліся да нашай ініцыятывы. І дзякуй журналістам, што яны аддана асьвятлялі гэтую праблему! Няхай у Віцебску застанецца парк для нашых дзетак і ўнукаў».

Вуліца Чэхава — адна з самых маленькіх у Віцебску, яе працягласьць усяго 300 мэтраў
Вуліца Чэхава — адна з самых маленькіх у Віцебску, яе працягласьць усяго 300 мэтраў

Вядома, «калектыўным намінантам» можна лічыць ня толькі жыхароў вуліцы Чэхава: парк адстойвалі і насельнікі іншых суседніх вуліц — Урыцкага, Путна, Леніна... На сходы прыяжджалі людзі з усіх раёнаў гораду, каб паставіць свой подпіс супраць зьнішчэньня парку.

Парк і гістарычная забудова на вуліцы Ўрыцкага
Парк і гістарычная забудова на вуліцы Ўрыцкага

Удзел грамадзкасьці зрабіў падзею надзвычай рэзанаснай, і ўдзельнікі галасаваньня палічылі яе больш значнай для вядомасьці Віцебску. «Калектыўны намінант» набраў 31%, або 149 галасоў ад агульнай колькасьці (485). На другім месцы апынуўся Артур Яраш (120 галасоў), які затрымаў былога начальніка Першамайскага РАУС Сяргея Сарокіна і даказаў, што той кіраваў аўтамабілем у нецьвярозым стане. Трэцяе месца (115 галасоў) віцябляне аддалі Ўладзіславу Ганчарову, які на ХХI летніх Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра заваяваў залаты мэдаль у скачках на батуце. Гэтая тройка лідэраў апынулася наперадзе зь вялікім адрывам: 67 чалавек аддалі свае галасы за перамогу Сяргея Баталкі, прапаршчыка Чыгуначнага аддзелу Дэпартамэнту аховы, які ўратаваў віцебскага школьніка з-пад колаў аўтамабіля, 18 удзельнікаў прагаласавалі за Ганну Палуэктаву, супрацоўніцу АМАПу, якая дапамагла затрымаць эксгібіцыяніста.

Усяго 9 галасоў набраў Дзьмітрый Сталяроў — віцебскі будаўнік, які ў красавіку мінулага году паехаў у Менск і ўскараскаўся на вежавы кран, каб прыцягнуць увагу кіраўніцтва краіны да запазычанасьці ў заробках. І пасьля некалькі фірмаў сплацілі яму пазыкі. 7 удзельнікаў галасаваньня аддалі галасы за Шымшона Даніэля Ізаксона — віцебскага рабіна, які летась стаў галоўным рабінам Вільні.

У парку зімовым надвячоркам
У парку зімовым надвячоркам

Што да сытуацыі зь віцебскім паркам, адбароненым віцяблянамі, то яна на сёньняшні дзень выглядае не да канца зразумелай. Віцебскія ўлады прапанавалі эпархіі БПЦ або выбраць іншае месца для будоўлі (тое самае прапаноўвае і частка жыхароў Віцебску, бо праваслаўных храмаў у гістарычнай частцы гораду хапае, а ў новых мікрараёнах — наадварот), або замоўнік можа перарабіць праект, каб парку была нанесеная меншая шкода. Гарвыканкам прапанаваў перанесьці сабор на 36 мэтраў, каб мінімалізаваць зону высечкі дрэў, адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка, а галоўнае — зьменшыць плошчу ніжняга храма да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі. Менавіта на «падземным паверсе» замоўнікі запраектавалі «залю шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканьнямі; залю ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзную з кухняй, памяшканьні тэхнічнага прызначэньня» і гэтак далей. На думку шмат каго з гараджанаў, вядзецца ўжо далёка не пра «аднаўленьне страчанай сьвятыні», як спрабуюць пераканаць сьвятары, а пра вялікі эпархіяльны культурна-дзелавы цэнтар.

Помнік Уладзімеру Караткевічу на вуліцы Чэхава, каля якога ладзілі сходы пратэстанты
Помнік Уладзімеру Караткевічу на вуліцы Чэхава, каля якога ладзілі сходы пратэстанты

Як адрэагавалі на прапанову ўладаў у эпархіі, грамадзкасьці невядома. Таму жыхары суседніх вуліц зноў рыхтуюць звароты пра лёс парку. Дарэчы, парк у гэтых мясьцінах — у раёне 1-й Ветраной вуліцы (гістарычная назва вуліцы Чэхава, якую перайменавалі так у 1950 годзе), існаваў яшчэ з ХІХ стагодзьдзя. Паводле дасьледчыкаў, так званы «Баруноўскі сад» у 1870-я гады быў папулярным месцам адпачынку гараджан: тут быў летні тэатар, дзе ладзіліся спэктаклі; у парку было шмат кветак, тут іграў аркестар, працаваў буфэт, а ўзімку залівалі каток.

Выходным днём у парку
Выходным днём у парку

Гараджане й цяпер лічаць гэты куток Віцебску прывабным для адпачынку, а таму прапануюць яго добраўпарадкаваць, а не зьнішчаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG