Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце: беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» — дэманстрацыя падрыхтоўкі вайны з Захадам


Даля Грыбаўскайце

Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што заплянаваныя сёлета расейска-беларускія ваенныя вучэньні «Захад-2017» дэманструюць падрыхтоўку гэтых краінаў да вайны з Захадам.

«Мы бачым, што пагрозы розныя, яны ўзрастаюць, у тым ліку мы з трывогай чакаем вучэньняў „Захад — 2017“, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам», — цытуе Delfi.lt заяву Грыбаўскайце прадстаўнікам СМІ ў Рызе, дзе адбываецца штогадовая сустрэча лідэраў краінаў Балтыі.

Паводле прэзыдэнткі Літвы, пагрозы з усходу вымушаюць краіны Балтыі зьвяртацца да партнэраў па дадатковыя гарантыі бясьпекі, напрыклад, адносна хуткасьці прыняцьця рашэньняў у НАТО.

Грыбаўскайце таксама спадзяецца абмеркаваць на наступным тыдні пытаньні бясьпекі зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам. Яна спадзяецца, што кантакт з новай адміністрацыяй ЗША будзе «вельмі шчыльным».

Delfi.lt таксама цытуе словы дырэктара літоўскага Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Даруса Яўнішкіса, які лічыць, што асноўным выклікам для нацыянальнай бясьпекі Літвы ў гэтым годзе будуць вучэньні «Захад-2017».

Адказваючы ў Сэйме Літвы на пытаньні журналістаў, Яўнішкіс зьвярнуў увагу на маштаб гэтых вучэньняў і сказаў, што звычайна яны накіраваныя супраць НАТО.

«Нічога асабліва новага ў гэтых пагрозах няма, але я прапаную пачакаць публічнай справаздачы. Я ня думаю, што будуць сюрпрызы, сытуацыя дастаткова стабільная», — адзначыў Яўнішкіс.

Delfi.lt нагадвае, што «ў леташнім дакумэнце, падрыхтаваным разьведвальнымі службамі краіны, было паказана, што галоўную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Літвы ўяўляюць імпэрскія амбіцыі Расеі, агрэсіўная зьнешняя палітыка, падрыхтоўка да ўжываньня ваеннай сілы, асабліва актыўная дзейнасьць выведкі, накіраваная супраць інтарэсаў Літвы, варожая інфармацыйная палітыка, намаганьні па распальваньні варожага стаўленьня нацыянальных суполак Літвы да Літоўскай дзяржавы. Паводле службовых асобаў, у ходзе ранейшых вучэньняў „Захад“ адпрацоўвалася акупацыя паўднёвай частцы Літвы, а таксама блякаваньне адзінага сухапутнага шляху НАТО на Балтыйскія краіны», — піша Delfi.lt.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG