Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні тэмай пра «дармаедаў» адкрываюць «Дыскусійны клюб»


Павал Мажэйка

Цэнтар гарадзкога жыцьця Горадні #uCentry і «Гарадзенская вясна» запрашаюць сёньня на першае пасяджэньне «Дыскусійнага клюбу». Удзельнічаць будуць Мікалай Аўтуховіч, Алесь Дзянісаў, Сяргей Верамеенка.

Кіраўнік цэнтру Павал Мажэйка патлумачыў «Свабодзе», што знарок першай была выбраная самая гарачая сёньня тэма:

«Мы сфармулявалі яе крышку правакацыйна: „Дармаеды мусяць плаціць!“ Навошта? Каб выклікаць эмоцыі, пачуць аргумэнты за і супраць».

Мажэйка распавёў, што ідэя дыскусійнага клюбу рэалізоўваецца разам з праваабарончай ініцыятывай «Гарадзенская вясна».

«Вельмі цяжка зразумець, што сёньня адбываецца ў Беларусі. І куды гэта ўсё ідзе? Таму трэба размаўляць пра тое, што адбываецца. Задача даць выгаварыцца. Паказаць, што ня кожны сам па сабе, а ўсе мы, беларусы, жывём у гэтай краіне, у гэтым горадзе і спрабуем зразумець сытуацыю, шукаць рашэньні».

Арганізатарам хочацца, каб наступныя тэмы беларускую сутнасьць, зазначае Павал Мажэйка:

«Мы будзем размаўляць пра наша права на мову, на свабоду слова. Пра вайсковыя канфлікты па суседзтве. Пра трансгранічнае супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што будзе цікава. Будзем запрашаць людзей з галіны культуры, грамадзкіх актывістаў. Заклікаем разважаць ня суха, не акадэмічна, не, скажам так, праваабарончай мовай».

У арганізатараў плян на восем-дзесяць сустрэч у наступныя месяцы. На кожнай мяркуецца цікавіцца ва ўдзельнікаў, якую тэму выбраць на наступны раз. Каб прысутныя прапанавалі найбольш цікавую, надзённую.

Першая дыскусія адбудзецца ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні на вуліцы Савецкай, 3. Час — 18.30.

XS
SM
MD
LG