Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пададзеная паўторная заяўка на правядзеньне шэсьця з нагоды Дня Волі 25 сакавіка


Менскі гарвыканкам
  1. 8 лютага ў Менгарвыканкам паўторна пададзеная заяўка на правядзеньне 25 сакавіка шэсьця з нагоды Дня Волі. 7 лютага гарадзкія ўлады даслалі адказ на першую заяўку, у якім напісалі, што «ўласна заяўкі не было».

Подпісы пад паўторнай заяўкай паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» — Аляксандар Русевіч, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — Дзяніс Садоўскі, Абʼяднанай грамадзянскай партыі — Ягор Віняцкі, Партыі БНФ — Зьміцер Касьпяровіч, і руху салідарнасьці «Разам» — Аляксандар Макаў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што прадстаўнік Менгарвыканкаму зарэгістраваў заяўку. 7 лютага падчас сходу арганізацыйнага камітэту Дня Волі было вырашана зафіксаваць падачу дакумэнтаў на відэа. Паводле словаў Янукевіча, гэта зрабілі журналісты незалежнага тэлеканалу «Белсат».

Заяўнікі просяць дазволіць правесьці акцыю ў наступным фармаце: збор удзельнікаў на пляцоўцы каля будынку Нацыянальнай акадэміі навук і шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да парку Янкі Купалы.

Першую заяўку на правядзеньне акцыі перадалі ў Менгарвыканкам 6 студзеня. 7 лютага стала вядома, што ўлады далі адмоўны адказ, спаслаўшыся на тое, што «быў пададзены толькі дакумэнт пад назвай „Абавязацельствы па арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)“, а ўласна заяўка на правядзеньне шэсьця пададзена не была».

Таксама заяўнікі і кіраўнікі палітычных партыяў, якія ўваходзяць у аргкамітэт, накіравалі 8 лютага зварот на імя старшыні Менгарвыканкаму. Яны патрабуюць у бліжэйшыя дні правесьці неадкладную сустрэчу, каб абмеркаваць фармат правядзеньня акцыі 25 сакавіка.

«Мы перакананыя, што сустрэча ў такім фармаце да вынясеньня рашэньня Менгарвыканкаму адносна пададзенай заяўкі зьяўляецца крытычна неабходнай. Мы лічым непрымальнай тую практыку, якая склалася цягам мінулых гадоў, калі Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт прымае рашэньні аб зьмене заяўленага маршруту масавых мерапрыемстваў да Дня Волі 25 сакавіка, а таксама іншых, абсалютна без абмеркаваньня ды ўзгадненьня з арганізатарамі мерапрыемстваў і без тлумачэньня прычын адмовы ў заяўленым фармаце шырокай грамадзкасьці. Мы настойваем на адкрытым абмеркаваньні».

XS
SM
MD
LG