Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі гісторык адказвае Качыньскаму: Бяроза Картуская і "выклятыя жаўнеры" не перашкодзілі Польшчы ўвайсьці ў ЭЗ


Нядаўняя заява лідэра кіруючай партыі Польшчы «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага пра тое, што гераізацыя Сьцяпана Бандэры можа перашкодзіць эўраінтэграцыі Ўкраіны, ня першая.

Узаемныя абвінавачваньні ў поглядах на нацыянальную гісторыю фактычна пачаліся з прызнаньня польскім сэймам летась у ліпені генацыду, зьдзейсьненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць грамадзян міжваеннай Польшчы. Адпаведную рэзалюцыю прапанавала як раз партыя Яраслава Качыньскага. У верасьні Вярхоўная рада Ўкраіны асудзіла пастанову польскіх калег і заклікала іх спыніць палітызацыю трагічных старонак ўкраінска-польскай гісторыі.

Але напружаньне ў дачыненьнях Украіны і Польшчы толькі ўзмацнілася. З той пары ў краінах адбылося апаганьваньне некалькіх помнікаў — у Быкаўне пад Кіевам пацярпеў мэмарыял польскім і ўкраінскім ахвярам савецкіх рэпрэсій, а ў Гуце Пеняцкай у Польшчы — помнік закатаваным у 1944 годзе палякам. У студзені Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла ўезд на ўкраінскую тэрыторыю мэру памежнага польскага горада Пшэмысьль Робэрту Хоме за нібыта антыўкраінскую дзейнасьць (пазьней забарону скасавалі), а ў польскім горадзе Жэшуў зьбілі трох украінскіх студэнтаў за тое, што яны не прызнавалі Львоў польскім горадам.

Што адбываецца ў польска-ўкраінскіх дачыненьнях і чаму Польшча ператварылася з адваката Ўкраіны ў Эўрапейскім Зьвязе на патрабавальнага настаўніка, Радыё Свабода распавялі ўкраінскія экспэрты.

Ірына Верашчук, кіраўніца Міжнароднага цэнтру балтыйска-чарнаморскіх дасьледаваньняў і кансэнсусных практык:

— Такія вострыя заявы ня мелі б месца, калі б Украіна была моцнай і незалежнай у эканамічным і зьнешнім пляне. Увесь польскі эстэбшлімэнт, уся кіруючая і ня кіруючая эліта ня маюць сьмеласьці сказаць, што Бандэра — гэта пытаньне Ўкраіны і няхай яна яго сама вырашае.

Палякі сапраўды ненавідзяць Бандэру і лічаць яго горшым за Гітлера. Але ў 2015-2016 гадах палітычная сіла Яраслава Качыньскага атрымала і большасьць у парлямэнце, і прэмʼерскі, і прэзыдэнцкі пасады, а гэта сьведчыць пра тое, што палякі яму давяраюць. Падабаецца нам гэта ці не, але Яраслаў Качыньскі як польскі палітык абараняе нацыянальныя інтарэсы, а ў нацыянальныя інтарэсы ўваходзіць у тым ліку і фарміраваньне гістарычнай і палітычнай культуры памяці. Украіна таксама мае адстойваць нацыянальныя інтарэсы.

Гэтыя пытаньні трэба разглядаць у кантэксьце тагачасных падзей, а не даваць ацэнкі праз 70-100 гадоў.

На маю думку, заяву Качыньскага варта разглядаць у кантэксьце Балта-чарнаморскага рэгіёну, а не толькі, як пытаньне паміж палякамі і ўкраінцамі. Гэтай дыскусіяй могуць скарыстацца тыя, хто сёньня вядзе гібрыдную вайну ў рэгіёне, і тыя палітыкі, якія хочуць кароткатэрміновых перамог. У той жа час, я далёкая ад думкі, што зараз актуальна выймаць тыя ці іншыя постаці з гістарычнага кантэксту — усе гэтыя пытаньні трэба разглядаць у кантэксьце тагачасных падзей, а не даваць ацэнкі праз 70-100 гадоў. У нас вельмі складаная сытуацыя і нам трэба тэрмінова фармаваць нацыянальную ідэю, але Бандэра ня ёсьць той нацыянальнай ідэяй, якая абʼяднае Ўкраіну.

Мы ня маем, ці ня хочам мець сыстэмнасьці ў сваіх дзеяньнях. Мы ўсё робім хаатычна, непрадумана, потым выпраўляем, ідзем усьлед, спрабуем прымірыцца. Але Польшча зьяўляецца стратэгічным партнэрам і мы ня можам проста так губляць пазыцыі ў двухбаковых адносінах. Вядома, варта вельмі сурʼёзна паставіцца да слоў Качыньскага. Мы павінны на гэта рэагаваць, наша пазыцыя павінна быць аднадушнай і збалянсаванай, без крайніх праяў радыкальных выказваньняў, бо адсутнасьць пазыцыі толькі правакуе далейшыя дзеяньні, якія толькі нагнятаюць сытуацыю, якую могуць выкарыстаць супраць Украіны.

Ігар Бігун, гісторык Цэнтру дасьледаваньняў вызваленчага руху (Кіеў):

— Такія заявы ўпісваюцца ў агульны трэнд у адносінах да Ўкраіны, і да стаўленьня да трактоўкі ўкраінскай гісторыі, што ўтварыўся пасьля прыходу да ўлады цяперашняга ўраду ў Польшчы. Відавочна, што польскія партыі, для якіх рэванш за пэўныя гістарычныя падзеі зьяўляецца адным з першачарговых пытаньняў, пэдалююць гэта пры кожнай нагодзе. Украіна прасоўвае свой курс на эўраінтэграцыю, і польскія палітыкі спрабуюць выкарыстоўваць гэта для такога шантажу, маўляў, эўраінтэграцыя ў абмен на тое, што Ўкраіна будзе разглядаць пэўныя старонкі гісторыі, як гэта выгадна палякам. Наш адказ мае быць сымэтрычным, але ў межах карэктнасьці, мы не павінны апускацца да ўзроўню крыўд і стымуляваць агрэсію. Трэба ўпарта стаяць на сваім — у нас такія каштоўнасьці, у нас ёсьць уласны погляд на нашу гісторыю, нават на тыя пэрыяды другой сусьветнай вайны, якія зачапляюць і гісторыю Польшчы. Але мы прызнаем, што ў Польшчы можа быць альтэрнатыўнае бачаньне. У той жа час, гэта не азначае, што мы павінны аўтаматычна зьмяняць сваю пазыцыю і паддавацца на такі ўплыў, а, па сутнасьці, на шантаж.

У гісторыі Польшчы таксама можна вельмі шмат знайсьці супярэчлівых постацей і падзей.

Польшча стала чальцом Эўрапейскага Зьвязу, і яе ўласныя трагічныя старонкі гісторыі не перашкодзілі гэтаму. А ў гісторыі Польшчы таксама можна вельмі шмат знайсьці супярэчлівых постацей і падзей. Напрыклад, канцлягер у Бяроза-Картузскай (цяпер горад Бяроза, Берасьцейская вобласьць — РС) у Польшчы паўстаў амаль адначасова зь першымі канцлягерамі ў нацысцкай Нямеччыне. Або, напрыклад, паўстанцкі камандзір Рамуальд Райс, які, як вядома, праводзіў этнічную чыстку беларусаў на Падляшшы ў 1946 годзе, а яго паважаюць польскія нацыяналісты. Дарэчы, кіраўніком польскай парлямэнцкай дэлегацыі, якая зьбіраецца ў Беларусь, стаў Адам Андрушкевіч, які стала ўдзельнічае ў маршах памяці "выклятых салдат" антыкамуністычнага супраціву пасьляваеннай Польшчы, і Рамуальд Райс — адзін з гэтых "выклятых жаўнераў". Мы можам успомніць і тых камандзіраў Арміі Краёвай, якія зьдзяйсьнялі пагромы ўкраінскіх сёл, як на Валыні, гэтак і ў Галічыне і на Холмшчыне. Такіх прыкладаў вельмі шмат. Але ў Польшчы гэтыя постаці прызнаныя героямі, вэтэранамі на заканадаўчым узроўні яшчэ ў 1991 годзе як змагары за польскую незалежнасьць.

На тле гэтых прыкладаў заява спадара Качыньскага выглядае яшчэ больш дзіўна. Польшча, якая з гэтым трапіла ў Эўразьвяз, цяпер спрабуе Ўкраіну павучаць. Гэта нагадвае вядомае лацінскае выказваньне — што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Гэта падвойныя стандарты. На маю думку, правілы добрага тону не павінны прадугледжваць такіх падвойных стандартаў.

Тарас Беразавец, палітоляг:

— Мы бачым, што ў польскай палітыцы ўкраінскі дыскурс становіцца адным з асноўных. Відавочна, гэта зьвязана з унутранай агрэсіўнай рыторыкай партыі «Права і справядлівасьць», якая выклікае заканамернае раздражненьне ў лібэральнай часткі польскага грамадзтва, з досыць адыёзнымі ідэямі, якія парушаюць жыцьцё звычайных палякаў, наступамі на свабоду слова, якія адбываецца ў гэтай краіне. Трэба разглядаць у комплексе — як у цэлым палітыку найбольш кансэрватыўнага крыла партыі, натхняльнікам якой як раз выступае Яраслаў Качыньскі.

Украіна сёньня мае больш жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы, бо гэта наўпроставае ўмяшальніцтва ў нашыя справы.

Агульнае пагаршэньне польска-ўкраінскіх адносін адбываецца выключна па ініцыятыве польскага боку. Мы ж бачым, што ўкраінскі бок спрабуе дыстанцыявацца ад гэтых канфліктаў, але ў выніку тактыка ігнараваньня такой тэхнікі «тысячы парэзаў», як гэта называецца, калі апанэнту наносяцца ўдары па розных напрамках — культурных, гуманітарных, эканамічных, ніякім чынам не прыводзіць да працьверажэньня прадстаўнікоў «Права і справядлівасьці», наадварот, заахвочвае да яшчэ большай агрэсіі. Таму мне здаецца, што Ўкраіна сёньня мае больш жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы, бо гэта наўпроставае ўмяшальніцтва ў нашыя справы. Гэта не справа польскіх палітыкаў камэнтаваць або навязваць Украіне бачаньне ўкраінскай гісторыі. Ва ўкраінскай гісторыі, роўна як і ў польскай, ёсьць шмат неадназначных постацей, і калі мы будзем шукаць тое, што нас падзяляе, то відавочна, што мы не палепшым дачыненьні паміж нашымі краінамі і не наблізім Польшчу да эўрапейскіх стандартаў. Гэтая радыкалізацыя польскай вярхушкі, нават не грамадзтва, выклікае абсалютна абгрунтаваную заклапочанасьць ня толькі ў Кіеве, але і ў эўрапейскіх сталіцах, на што палякам пэрыядычна ўказваюць эўрапейскія партнэры. Рэакцыя Ўкраіны павінна быць, але яна павінна быць афіцыйнай. Яе мае агучыць або міністэрства замежных спраў ці кіраўніцтва ўкраінскага парлямэнту. Аднак адказ мае быць вытрыманым і не з гістарычнага боку, як гэта сабе дазваляюць прадстаўнікі партыі «Права і справядлівасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG