Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам не дазволіў шэсьця на «Дзень Волі» — згубілі заяву арганізатараў


Заяўнікі шэсьця на Дзень Волі атрымалі 7 лютага адказ з Менгарвыканкаму, у якім паведамляецца, што «станоўча вырашыць пытаньне не ўяўляецца магчымым».

У лісьце сьцьвярджаецца, што гарвыканкам 6 студзеня атрымаў ліст пад назвай «Абавязаньні ў арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)», аднак «ліст ня зьмяшчае заявы аб правядзеньні масавага мерапрыемства і інфармацыі, прадугледжанай для такіх зваротаў у адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах», паведамляе прэс-служба руху «За свабоду».

Таксама чыноўнікі пішуць, што заяўнікі парушылі заканадаўства, агучыўшы дэталі правядзеньня акцыі да атрыманьня дазволу ад уладаў.

«Зьвяртаем увагу, што вамі парушаны арт. 8 Закону, у адпаведнасьці зь якім арганізатары масавага мерапрыемства, а таксама іншыя асобы да атрыманьня дазволу на яго правядзеньне ня маюць права аб’яўляць у СМІ, глябальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт альбо іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзеньня, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай лістоўкі, плякаты і іншыя матэрыялы», — сказана ў адказе Мінгарвыканкаме.

Паводле чыноўнікаў, у сувязі з гэтым «станоўча вырашыць разглядаемае пытаньне не ўяўляецца магчымым».

У сваю чаргу заяўнікі заяўляюць, што перадалі ўвесь пакет дакумэнтаў уладам. 6 студзеня заяўку і абавязаньні заяўнікаў перадаў у выканкам Ягор Віняцкі.

«Мінгарвыканкам, хутчэй за ўсё „згубіў“ дакумэнты знарок. Гэтая сытуацыя магла здарыцца таму, што чыноўнікі апошнім часам пазьбягаюць кантактаваць з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакумэнты ў агульнай скрыні ля ўваходу», — адзначыў старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Паводле яго, сёньня а 15.00 адбудзецца пасяджэньне аргкамітэту правядзеньня Дня Волі, дзе будзе прынятае рашэньне, як рэагаваць на адказ зь Менгарвыканкаму.

Заяўку на правядзеньне 25 сакавіка акцыі з нагоды Дня Волі 6 студзеня падалі ў Менгарвыканкам прадстаўнікі чатырох структур: Аляксандар Русевіч ад руху «За свабоду», Дзяніс Садоўскі ад аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Ягор Віняцкі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Зьміцер Касьпяровіч ад Партыі БНФ. Менгарвыканкам просяць дазволіць наступны маршрут правядзеньня акцыі: збор на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, шэсьце праспэктам Незалежнасьці да парку Янкі Купалы. Мітынгу не плянуецца. Час акцыі — 14.00-15.30.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG