Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» стварае сваю культурніцкую пляцоўку і падала дакумэнты на яе рэгістрацыю


Актывісты «Моладзі БНФ» 6 лютага падалі дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю моладзевага культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Моладзь Адраджэньня».

«Мы вырашылі стварыць культурніцкую пляцоўку, бо мы робім шмат культурніцкіх, адукацыйных рэчаў і хочам вывесьці іх на больш якасны ўзровень. „Моладзь БНФ“ — гэта палітычны брэнд, і частка арганізацыяў і ўстаноў асьцерагаюцца супрацоўнічаць з намі, таму паспрабуем пайсьці такім шляхам», — сказаў кіраўнік «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч.

Малады палітык лічыць, што рэгістрацыя ці нерэгістрацыя «Моладзі Адраджэньня» будзе «лякмусавай паперкай» для ўладаў.

«Апошнім часам улады заяўляюць пра падтрымку беларушчыны, беларускай культуры, гісторыі, мовы. У той жа час яны рэгіструюць адкрыта прарасейскія арганізацыі, такія як „Румол“. Дык ці пойдзе ўлада на тое, каб зарэгістраваць патрыятычную прабеларускую арганізацыю?»

Моладзевае культурна-асьветніцкае аб’яднаньне «Моладзь Адраджэньня», якое спрабуюць зарэгістраваць актывісты, ня ставіць сабе палітычных задач. Але Лукашэвіч перакананы, што «афіцыйны статус дапаможа больш актыўна пашыраць беларушчыну, папулярызаваць беларускую культуру, гісторыю, мову, прасоўваць ідэі і мэты «Моладзі БНФ».

«Калі ўлада пацьвердзіць сапраўднасьць сваіх слоў пра спрыяньне беларускаму нацыянальнаму адраджэньню і дасьць нам афіцыйную рэгістрацыю, то мы выкарыстаем афіцыйны статус на ўсю моц і будзем рабіць больш культурніцкіх, адукацыйных праектаў па ўсёй краіне, працаваць з новымі арганізацыямі і людзьмі. І, безумоўна, незалежна ад таго, ці атрымае «Моладзь Адраджэньня» рэгістрацыю, мы і надалей працягнем нашу актыўнасьць і будзем прасоўваць ідэі і мэты «Моладзі БНФ», — адзначаюць актывісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG