Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны і наступствы чарговага абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе


Пахаваньне ўкраінскага вайскоўца, які загінуў каля Аўдзееўкі на Данбасе. Кіеў, 3 лютага.

Ці зьвязана гэта з новым прэзыдэнтам ЗША?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Вось ужо прыблізна тыдзень як у Данбасе рэзка абвастрылася сытуацыя і актывізаваліся ваенныя дзеяньні. Найбольшыя інтэнсіўныя сутыкненьні паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і украінскімі войскамі фіксуюцца ў Аўдзееўцы, прыгарадзе Данецку. Бакі нясуць страты ў жывой сіле і тэхніцы, ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Украінскія прадстаўнікі паведамлялі аб гібелі 8 вайскоўцаў за апошнія некалькі дзён. Гэта самыя вялікія страты разам з ахвярамі сярод цывільнага насельніцтва, якія адбыліся за апошні час. Бакі традыцыйна ўскладаюць віну адзін на аднаго за ўсплёск ваенных дзеяньняў вакол Аўдзееўкі, якую кантралюе Ўкраіна.

Актывізацыя баевікоў у ДНР пачалася пасьля размовы Трампа і Пуціна.

Супала так ці не супала, але ўсё зьвярнулі ўвагу на тое, што актывізацыя баевікоў у ДНР пачалася пасьля размовы Трампа і Пуціна, якая адбылася 28 студзеня. Літаральна праз суткі, 29 студзеня, пачаліся баі паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўкраінскай арміяй на лініі фронту ў Данбасе.

Многія аглядальнікі лічаць, што перамовы ў менскім фармаце зайшлі ў тупік, і сытуацыя павінна была зрушыцца ў нейкі бок на месцы падзеяў. І вось мы бачым гэты штуршок, які супаў з тым, што зараз адміністрацыя Дональда Трампа выпрацоўвае новую лінію паводзінаў з Расеяй.

Я пагаджуся з тымі, хто лічыць, што Расея такім вось чынам, праз актывізацыю ваенных дзеяньняў у Данбасе, правярае новае кіраўніцтва ЗША, прамацвае ягоную здольнасьць адказаць у такой сытуацыі. Цяпер шмат кажуць пра тое, што адміністрацыя Трампа пад нейкімі ўмовамі мяркуе адмяняць санкцыі супраць Расеі, і Данбас стане нейкай «разьменнай манэтай» сярод іншых тэмаў.

Пакуль Вашынгтон асабліва ніяк не рэагуе. Праўда, віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс выказаў заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту і заявіў, што Вашынгтон сочыць за ім, але не стаў адказваць на пытаньне журналістаў, ці абмяркоўвалі падчас сваёй размовы Дональд Трамп і Ўладзімер Пуцін эскаляцыю канфлікту ў Данбасе.

Таксама нядаўна было даволі гучнае інтэрвію Дональда Трампа, дзе ён зноў паўтарыў свае словы пра тое, што трэба неяк знайсьці агульную мову з Уладзімерам Пуціным, што ёсьць агульныя праблемы, у вырашэньні якіх ЗША з Расеяй могуць супрацоўнічаць, прынамсі, ў змаганьні з Ісламскай дзяржавай. А на рэпліку журналіста, што Пуцін забойца, Трамп адказаў, што шмат было забойцаў у гісторыі, у тым ліку і ў нас, у Амэрыцы, ня ўсё з гэтым чыста.

Карацей, пакуль сапраўды не зусім зразумела, якое стаўленьне новай адміністрацыі ЗША да гэтага канфлікту, якія там перамовы, якую ўгоду, а гэта любімае слова Дональда Трампа, можа прапанаваць Вашынгтон Маскве, у тым ліку і па расейска-ўкраінскім канфлікце. Але на дадзены момант можна канстатаваць, што ў вялікай палітыцы гульцы адыгрываюць свае ролі, павышаюць свае стаўкі, а гэта прыводзіць да павелічэньня сьмерцяў у раёне Данбасу.

Рэальная пагроза, што Ўкраіна можа быць пакінутая сам-насам з Расеяй.

Карбалевіч: Як звычайна, абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў тым, хто стаў ініцыятарам абвастрэньня канфлікту. І цалкам лягічна разглядаць гэтую сытуацыю ў шырокім міжнародным кантэксьце. Справа ў тым, што пад уплывам значных міжнародных падзеяў сытуацыя на Данбасе адышла на другі плян, пра яе сталі трохі забываць. І шмат каму гэтая сытуацыя не да спадобы. Рэальная пагроза, што Ўкраіна можа быць пакінутая сам-насам з Расеяй.

Складвалася ўражаньне, што сытуацыя ў Данбасе ўвогуле не цікавая новаму прэзыдэнту ЗША Трампу і яго адміністрацыі. Бо гэта не ўпісваецца ў яго праграму, канфлікт на Данбасе ніяк не тычыцца інтарэсаў Амэрыкі, як іх бачыць новы прэзыдэнт.

Аднак абвастрэньне канфлікту на усходзе Украіны выклікала рэакцыю ЗША. Вашынгтон заклікаў да мірнага урэгуляваньне, Трамп правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Украіны Парашэнкам, а ў нядзелю ён абмеркаваў з генэральным сакратаром НАТО Столтэнбэргам сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны. То бок статус вялікай дзяржавы, які маюць ЗША, нават насуперак жаданьнем Трампа штурхае яго рэагаваць на канфліктную сытуацыю ў любой частцы сьвету. ЗША ня могуць паводзіць сябе так, як Кітай, то бок, ні ў што не ўмешвацца.

Дракахруст: На мой погляд, у гэтай сытуацыі звычайны прынцып «каму выгодна» даволі складана ўжыць. Асабліва з улікам новай адміністрацыі ЗША. Вы, Віталь, выклалі пэўную трактоўку, паводле якой Крэмль пасьля прыходу новай улады ў Амэрыцы прамацвае, правярае здольнасьць Трампа да выразных крокаў. Дарэчы, гэта такі звычайны стыль расейскай і савецкай дыпляматыі — паспрабаваць навічка на злом, паглядзець, як ён рэагуе на тыя ці іншыя шокі. Сапраўды гэта магчыма.

Хоць зь іншага боку можна прапанаваць значна больш простую інтэрпрэтацыю. Трамп шмат разоў падчас выбарчай кампаніі гаварыў пра магчымасьць зьняцьця санкцый з Расеі. Пра гэта казаў літаральна днямі і віцэ-прэзыдэнт Пэнс. Ці зацікаўленая ў гэтым Украіна? Зразумела, не. Для таго, каб такіх думак не ўзьнікала, павінна адбыцца што? Зразумела, павінна сытуацыя абвастрыцца. Так што такая інтэрпрэтацыя матываў таксама магчымая. І каму гэта выгадна?

Ня выключана, што ўсё ж такі матывацыя ўнутры канфлікту.

Аднак я не выключаю, што фактар Трампа, хоць ён і здаецца важным, не галоўны ў гэтым абвастрэньні канфлікту. Бо незразумелая пазыцыя Трампа. Ня выключана, што ўсё ж такі матывацыя ўнутры канфлікту — ці ўкраінская, ці расейская, ці сэпаратысцкая таксама. Бо там розныя людзі, тая ці іншая гармата можа стрэліць, тыя ці іншыя людзі могуць штосьці зрабіць. Як і на іншым баку — мы бачым, што цяпер канфлікт ў Данбасе суправаджаецца ініцыятывай шэрагу ўкраінскіх грамадзкіх арганізацыяў па самачынным спыненьні гандлю Ўкраіны з Расеяй і з гэтымі сэпаратысцкімі рэгіёнамі.

З аднаго боку, гэта ня Кіеў, але гэта ўкраінскі бок. Так што раскласьці, хто чаго хоча і чаму адбываецца тое, што адбываецца, даволі складана. Хоць у любым выпадку гэтая сытуацыя небясьпечная, яна можа прывесьці да эскаляцыі. Але наколькі я разумею, самыя інтэнсіўныя сутыкненьні адбываюцца ў так званай «шэрай зоне» менскіх пагадненьняў — там, дзе дакладнай мяжы няма. Адбываецца дужаньне за тое, што паводле менскіх пагадненьняў недакладна вызначанае — каму яно належыць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG