Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэм’ер Францыі абвясьціў пра пачатак «новай перадвыбарчай кампаніі»


Франсуа Фіён

Кандыдат у прэзыдэнты ад францускіх правацэнтрыстаў Франсуа Фіён у панядзелак 6 лютага склікаў прэс-канфэрэнцыю, каб патлумачыць сытуацыю вакол публікацыяў пра нібыта фікцыйнае працаўладкаваньне жонкі ў якасьці ягонай парлямэнцкай памочніцы.

Ён абвясьціў, што гэтыя публікацыі былі сплянаванай акцыяй, накіраванай на ліквідацыю адзінага рэальнага прэтэндэнта на прэзыдэнцкае крэсла ад правага лягеру, і што ў выпадку яго сыходу, французам на красавіцкім галасаваньні прыйдзецца выбіраць паміж лідэрам правых радыкалаў Марын Лё Пэн і, як ён выказаўся, «адшчапенцам» цяперашняй прэзыдэнцкай адміністрацыі Эмануэлем Макронам.

Фіён не адказваў на ўсе пытаньні, якія плянавалі задаць яму прадстаўнікі СМІ, адвёўшы ім хіба некалькі хвілінаў па завяршэньні сваёй прамовы. На пачатку выступу ён заявіў, што разумее неабходнасьць патлумачыць усе пытаньні, якія цягам апошняга тыдня абмяркоўваліся ў прэсе.

Паводле Фіёна, ягоная жонка, быўшы парлямэнцкай памочніцай, атрымлівала 3677 эўраў у месяц — заробак, на думку Фіёна, цалкам адпаведны працы, якую яна выконвала. Кандыдат ад правацэнтрыстаў падкрэсьліў, што Пэнэлёпа Фіён працавала на яго апошнія трыццаць гадоў, практычна ад самага пачатку яго дэпутацкай кар’еры, забясьпечваючы тэхнічны бок ягонай палітычнай дзейнасьці.

Мне абсалютна няма чаго хаваць.

Двум зь пяці дзяцей Фіён плаціў у сярэднім тры тысячы эўраў у месяц цягам 15 месяцаў іх працаўладкаваньня ў яго, што, паводле яго, таксама адпавядала праведзенай імі працы. «Працаўладкаваньне было легальным, усе даходы выразна дэкляраваліся», заявіў кандыдат у прэзыдэнты ад правацэнтрыстаў. Ён паабяцаў апублікаваць на сваім інтэрнэт-сайце ўсю дакумэнтацыю, што датычыцца працы на яго і ягоных сваякоў. «Мне абсалютна няма чаго хаваць», — заявіў Фіён, нагадаўшы, што ён і ягоная жонка пяць гадзінаў адказвалі на пытаньні сьледчых.

«У маральным пляне — не прадстаўнікам СМІ мяне судзіць», адзначыў ён. Паводле Фіёна, у цяперашнія часы ў Францыі для палітыкаў непрымальна працаўладкоўваць сямейнікаў. «Я лічу гэта памылкай, але прымаю гэта», сказаў экс-прэмʼер-міністар. Фіён падкрэсьліў, што адчуў гэтыя новыя павевы ў грамадзтве яшчэ тры гады таму і тады спыніў працаўладкаваньне сваіх сямейнікаў. «Шкадую, што не зрабіў гэтага значна раней», — заявіў кандыдат. Ён пералічыў усё, чым валодаюць ён і жонка, уключаючы нерухомасьць і банкаўскія рахункі, і заклікаў іншых палітычных дзеячоў пайсьці ягоным прыкладам. «Калі рэфармаваць, дык трэба рэфармаваць усю сыстэму цалкам», заявіў Фіён і дадаў, што ня мае намеру вяртаць каля мільёна эўраў, якія за пятнаццаць гадоў працы атрымала зь дзяржаўнага скарбу ягоная жонка.

Я ніколі не атрымліваў грошай ад Расеі, і маё супрацоўніцтва з гэтай краінай заўсёды было выключна на добраахвотных пачатках.

Фіён таксама растлумачыў, што пасьля складаньня міністэрскіх паўнамоцтваў з 2012 па 2016 гады займаўся зусім легальнай кансалтынгавай дзейнасьцю, даваў канфэрэнцыі за мяжой, кансультаваў буйныя францускія кампаніі. Франсуа Фіён абверг публікацыі, якія абвінавачваюць яго ў атрыманьні грошай ад прадстаўнікоў расейскіх уладаў. «Я ніколі не атрымліваў грошай ад Расеі, і маё супрацоўніцтва з гэтай краінай заўсёды было выключна на добраахвотных пачатках», — сказаў кандыдат у прэзыдэнты Францыі.

«Сёньня ўвечары я пачынаю новую перадвыбарчую кампанію», абвясьціў Фіён. «Хлусьлівыя публікацыі нанесьлі мне балючы ўдар, ад якога я не адразу акрыяў. Але цяпер я ізноў на нагах і кажу мільёну французаў, якія прагаласавалі за мяне: нельга дапусьціць, каб у вас скралі гэтую перамогу». Жорсткасьць разгорнутай супраць яго кампаніі, адзначыў Фіён, толькі ўмацавала ягоную волю, каб не дапусьціць у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў суперніцтва паміж Марын Лё Пэн, якая прадстаўляе праварадыкальны лягер, і Эмануэлем Макронам, які займаў пасаду міністра ў апараце цяперашняга прэзыдэнта.

Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў прэсы, Франсуа Фіён сказаў: «Зладзіць суд Лінча, палітычнае забойства, як вы зрабілі ў гэтыя дні, — гэта ўжо занадта. І францускія грамадзяне гэта разумеюць».

XS
SM
MD
LG