Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэргі на памежных пераходах паміж Беларусьсю і Польшчай пазьнікалі, — крызіс


Ілюстрацыйнае фота. Чэргі на беларуска-польскім памежным пераходзе «Брузгі» ў ліпені 2016 году

На памежным пераходзе «Брузгі», што побач з Горадняй, у будныя дні практычна ня стала чэргаў легкавых аўтамабіляў на выезд у Польшчу. Нават у выходныя чэргі таксама пазьнікалі. Такая ж карціна і з польскага боку на памежным пераходзе «Кузьніца Беластоцкая».

У адной з гарадзенскіх транспартных фірмаў, якая займаецца перавозкай пасажыраў, яе кіраўнік, спадар Аляксей, паскардзіўся, што наагул утрымацца на плыву стала вельмі складана, паколькі прыкметна зьнізіўся пасажырапаток:

— Вось цяпер прадаём білеты пераважна толькі ў адзін бок. Раней гарадзенцы карысталіся нашымі рэйсавымі маршруткамі, каб паехаць у Беласток на шопінг і вярнуцца без чаргі назад. Цяпер білет у два бакі можа купіць адзін чалавек альбо і наагул ніхто, астатнія едуць то на вучобу, то на працу, а хто проста транзытам.

Спадарыня Кацярына набыла білет у два бакі, і я цікаўлюся, ці не дзеля таго, каб зрабіць закупы ў Беластоку? Жанчына сьмяецца, кажа, што так, але едзе на закупы для трох сем’яў адразу, паколькі ўсім разам ехаць, паводле яе, няма ніякай рацыі, а ў яе яшчэ дзейная віза.

— Цяпер няма грошай, каб рабіць нейкія закупы. Во, дачка і пляменьніца на розныя дробязі далі грошы. Трэба адной пампэрсы, другой бытавую хімію, лекі ды і сабе нешта з драбязы ў хату. Больш за 20 кіляграмаў ня маю права везьці, але тут і на траіх нават на гэтую вагу не набяру. Гэта раней мы езьдзілі ўтрох і кожная ў 50 кіляграмаў ня ўкладвалася, а цяпер... Няма за што купляць, ды і за візу такія грошы аддаваць.

Яшчэ адна спадарыня зь Менску распавяла, што раней зь сяброўкамі наймалі цэлы мікрааўтобус і езьдзілі па тавар, а цяпер яна адна даяжджае цягніком да Горадні, а потым перасаджваецца на маршрутку — і на шопінг у Беласток. Гарадзенскія рэйсавыя маршруткі развозяць пасажыраў у Беластоку па найбольш папулярных крамах і рынках, кошт білета з Горадні ў Беласток з заездам у крамы і на рынак, а пасьля назад у Горадню складае 21 рубель.

— Вядома, і ў нас у сталіцы няма асаблівых заробкаў, а таму значна меней людзей стала сюды езьдзіць. Але з другога боку, я вось гляджу, што добрая нямецкая кава ў Менску каштуе 17-19 рублёў, а нават тут у Горадні — 10-12, а ў Беластоку яшчэ на пару рублёў таньней. І так усё астатняе — вось таму зрэдку ўсё ж ежджу ў Беласток на шопінг, хоць зімою гэта вельмі нязручна.

Гутару з гарадзенцамі, якія стала езьдзяць у Беласток на шопінг на сваіх аўтамабілях. Спадар Юры кажа, што цяпер бывае ў Беластоку толькі зрэдку з прычыны таго, што заробкі зусім зьнізіліся і ў яго, і ў жонкі, а, маўляў, вазіць кантрабанду — цыгарэты і салярку — гэта не ў ягоных правілах.

— Мушу прызнацца, што мяне туды заўсёды вельмі цягне, бо там і таньней, і да харчоў іхных мы прызвычаеныя — усе ў сям’і любяць і малочнае, і мясное з Польшчы. Але цяпер настолькі абклалі на мытні гэтымі кіляграмамі, што расходаў на саму паездку болей, чым ты зэканоміш на таньнейшых цэнах на харчы ды іншае.

А вось спадар Валянцін прагназуе, што ўвесну рух зноў ажывіцца на мяжы, паколькі пачнуць вазіць розны тавар з Польшчы на беларускія рынкі.

— Мы заўсёды на перавозцы някепска зараблялі, а цяпер «Поле цудаў» у Кузьніцы Беластоцкай пустуе, ніякага тавару няма. А вясной людзі паедуць хто як, бо ў нас усё роўна заробкаў як няма, так і ня будзе. А што толку хадзіць цэлымі днямі на працу і за месяц потым атрымаць 200 рублёў.

Паводле польскіх СМІ, памежная зь Беларусьсю Падляская польская мытня паведаміла, што беларусы патрацілі ў Польшчы ў 2016 годзе на закупы ў мясцовых крамах з афармленьнем Tax Free 715 млн злотых ($176 млн). І гэтая сума амаль на 30% меншая, чым у 2015 годзе.

Затое амаль штодня і гарадзенскія, і беластоцкія мясцовыя сайты паведамляюць пра канфіскаваную кантрабанду і на беларускай, і на польскай мытнях. Так, з паведамленьняў гарадзенскіх сайтаў, якія спасылаюцца на зьвесткі польскай мытні, з боку Польшчы ў 2016 годзе было канфіскавана 4,85 мільёна пачак цыгарэт. У параўнаньні зь 2015 годам колькасьць выяўленай кантрабанды павялічылася на 40%, годам раней было выяўлена 3,5 млн пачак цыгарэт.

На мінулым тыдні адзін з гарадзенскіх сайтаў распавёў аб тым, што ў мястэчку Сакулка, якое знаходзіцца блізу мяжы, польскія мытныя службы выявілі кантрабанду з амаль 600 тысяч цыгарэт. Кантрабанда была схаваная ў бярвёнах, прывезеных зь Беларусі па чыгунцы, прычым у 6 мэтровых ствалах была выразаная сарцавіна, куды і былі схаваныя цыгарэты. Кошт схаваных цыгарэт — каля 400 тысяч злотых, амаль 100 тысяч даляраў.

XS
SM
MD
LG