Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раблю ўсё магчымае, каб візыт папы ў Беларусь адбыўся», — апостальскі нунцый Габар Пінтэр


Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр прамаўляе ў магілёўскім касьцёле

«Для мяне вялікая радасьць пазнаваць народ, які дужа шмат пакутаваў у гісторыі, але здолеў захаваць веру», — апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр упершыню наведаў усходнюю сталіцу Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У Магілёўскай катэдры, касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, дыплямат апостальскай сталіцы ўзяў удзел ва ўрачыстай літургіі. Магілёўскіх аднаверцаў госьць вітаў на беларускай мове.

Цягам двухдзённага візыту арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімерам Даманеўскім ды эпіскапам Магілёўскім і Мсьціслаўскім Беларускай праваслаўнай царквы Сафроніем.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр адказаў на пытаньні Свабоды.

Беларусы шмат пакутавалі, але здолелі захаваць веру

— Я дужа рады быць тут. Гэта мой першы візыт па-за Менскам. Я прыехаў сюды зь вялікай цікавасьцю, бо ведаў, што Магілёў вельмі важны ў гісторыі жыцьця Касьцёлу ў Беларусі.

Знаходзячыся ў Беларусі, я пазытыўна зьдзіўляюся штодня. Прызнаюся, што ня ведаў шмат пра Беларусь да таго, як быў прызначаны сюды апостальскім нунцыем. Для мяне вялікая радасьць пазнаваць народ, які дужа шмат пакутаваў у гісторыі, але які, нягледзячы на гэтыя пакуты, здолеў захаваць веру.

Я зьбіраюся працягваць візыты па рэгіёнах Беларусі і спадзяюся, што гэта дасьць мне яшчэ болей магчымасьцяў спазнаваць рэчаіснасьць і людзей, якія жывуць у Беларусі.

Магілёўскія каталікі на ўрачыстай літургіі з нагоды візыту дыплямата апостальскай сталіцы
Магілёўскія каталікі на ўрачыстай літургіі з нагоды візыту дыплямата апостальскай сталіцы

— Падчас урачыстай літургіі ня раз адзначалася, што ў Беларусі чакаюць Папу Рымскага Францішка. Ці доўга давядзецца беларусам чакаць ягонага візыту?

— Я ўжо казаў шмат разоў у інтэрвію за час знаходжаньня ў Беларусі, што гэта ёсьць вялікай надзеяй кожнага з нас, што гэты візыт сьвятога айца адбудзецца. Канкрэтна больш нічога не магу сказаць, бо ня маю ніякіх больш афіцыйных паведамленьняў на гэты конт. Але, запэўніваю вас, што раблю ўсё магчымае, каб гэты візыт адбыўся.

— Калі вы сустракаліся з абласнымі ўладамі, ці ўздымалася пытаньне пра перадачу Магілёўскай катэдры з камунальнай уласнасьці вернікам?

— Мы мелі вельмі сардэчную сустрэчу са старшынёй аблвыканкаму, і гэтае пытаньне ўздымалася. Я перакананы, што ёсьць пазытыўны спосаб вырашыць гэтае пытаньне, як для касьцёла, так і для прадстаўнікоў улады.

Беларуская зямля — зямля пакутнікаў

На нядзельную ўрачыстую літургію з удзелам апостальскага нунцыя ў касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі прыйшло багата вернікаў. Да каталікоў далучылася немалая грамада мясцовых грэка-каталікоў на чале з апостальскім візытатарам для грэка-каталікоў Беларусі Сяргеем Гаекам.

Вітаў арцыбіскупа Габара Пінтэра Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў, што некалі Магілёўская архідыяцэзія была самай вялікай у сьвеце, сягала ад Балтыкі да Японскага мора. Згадаў часы, калі на працягу трох пакаленьняў на ўсходзе Беларусі не было ніводнай дзейнай каталіцкай сьвятыні і сьвятароў.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр (усярэдзіне) упершыню ўваходзіць у магілёўскі касьцёл. Зьлева Тадэвуш Кандрусевіч, справа — біскуп Аляксандар Яшэўскі
Арцыбіскуп Габар Пінтэр (усярэдзіне) упершыню ўваходзіць у магілёўскі касьцёл. Зьлева Тадэвуш Кандрусевіч, справа — біскуп Аляксандар Яшэўскі

«Гэтая зямля, — казаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, — зямля пакутнікаў. Тут панаваў духоўны чарнобыль. Мы ж ведаем, што нарабіў Чарнобыль з нашай краінай, але ёсьць яшчэ духоўны чарнобыль, які спустошваў у людзей веру, забараняў чалавеку верыць. Мы ведаем, колькі патрэбна часу, каб выкараніць усе наступствы духоўнага чарнобылю».

Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў два сёлетнія юбілеі. Стагодзьдзе фацімскіх аб’яўленьняў, калі Божая Маці папярэджвала пра наступствы атэістычнага рэжыму, заклікала да малітвы і навяртаньня, і другі юбілей, як заўважыў мітрапаліт, якога лепей не было б — 100-годзьдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая прынесла так шмат бедаў.

«І здаецца, сутыкнуліся дзьве ідэі і філязофіі — хто каго. І здавалася, што гэтая другая пераможа. Аднак Бог паказаў нам яшчэ раз, што Ён можа проста пісаць на пакручастых лініях гісторыі і што Ён ставіць Божую кропку над „і“. І 25 гадоў таму распачалося адраджэньне веры на гэтай зямлі», — прамаўляў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

«Перадайце сьвятому айцу, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці ў гэтым, напэўна, самым цяжкім рэгіёне ва ўсёй Беларусі, пасеянае шмат стагодзьдзяў таму зерне веры, карані якога вырывалі цягам трох пакаленьняў, усё адно прарастае, — зьвяртаўся да арцыбіскупа Габара Пінтэра Тадэвуш Кандрусевіч. — Перадайце гэта сьвятому айцу, якога мы тут дужа чакаем. Беларуская зямля заслужыла, каб нага пантыфіка, пераемніка сьвятога Пятра, ступіла на гэтую зямлю».

Урачыстая літургія скончана. Узаеміны гасьцей зь вернікамі
Урачыстая літургія скончана. Узаеміны гасьцей зь вернікамі

Уся ўрачыстая літургія з нагоды візыту ў Магілёў дыплямата апостальскай сталіцы была беларускамоўнай. Завяршыся яна гімнам «Магутны Божа». Арцыбіскупу Габару Пінтэру была прэзэнтаваная кніга з сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе» — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам».

XS
SM
MD
LG