Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vadim Kaznacheyew: «Лёгіка проста казачная. То давайце дапаможам разьдзьмуць гэную бурбалку, бо яны самі не даюць рады. Дык ім толькі гэтага і трэба!»

Гэта камэнт на мой перапост у фэйсбуку інфармацыі пра стварэньне ў Беларусі прарасейскай арганізацыі.

Падобныя камэнты былі і ва ўсходняй Украіне гадоў дзесяць таму. Там таксама заклікалі не зьвяртаць увагі на падобныя ініцыятывы, якія падаваліся маргінальнымі. Дзяржава і грамадзкасьць і не зьвярталі. Што адбылося пасьля, мы ведаем — «маргіналаў» выкарысталі для захопу адміністрацыйных будынкаў і наагул — як рухавік сэпаратыстаў.

Я — «алярміст».

Ад францускага выразу «a l'arm!» — «да зброі!», у пераносным сэнсе — «трывога!»

Я бачу, што з захаду ад Беларусі канцэнтруюцца войскі NATO, а з усходу — войскі Расеі. Таму я веру дакладу Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў, дзе цьвердзіцца пра тое, што адна са стратэгічных мэтаў Расеі — ператварыць Беларусь у свой вайсковы пляцдарм для супрацьстаяньня NATO і пагрозу Ўкраіне з поўначы.

І я разумею, што расейскія войскі ў Беларусі — канец рэальнай незалежнасьці, нават калі фармальная будзе захаваная.

Я алярміст, таму што бачу, што ў Расеі ёсьць магчымасьці ціснуць на Беларусь наагул і на Лукашэнку пэрсанальна. Напрыклад, закрыць мяжу, а пасьля пачаць паступовую эканамічную блякаду, суправаджаючы яе інфармацыйнай вайной, дзе шмат у чым небеспадстаўна вінаваціць Лукашэнку ў эканамічным краху Беларусі. А заадно ўкідаць беларусам думку, што Расея іх выратуе. Так было ва Ўкраіне.

Я алярміст, бо бачу, што прарасейская арганізацыя можа стаць каталізатарам раскачкі сытуацыі. Што незадаволенасьць палітыкай Лукашэнкі будзе сумяшчацца з антынацыянальнымі лёзунгамі. Дэ-факта — антыдзяржаўнымі.

Я алярміст, бо ня ведаю які працэнт афіцэраў-сілавікоў прарасейскі і хоць заўтра прыме новую прысягу за новы — расейскі — заробак. Я ня ведаю, які працэнт беларусаў — патэнцыйныя паліцаі, якія хоць заўтра начэпяць на рукавы павязкі-трыкалёры з надпісам «полиция» і будуць забіваць суайчыньнікаў, якім дарагая незалежнасьць Беларусі.

Я алярміст, бо дагэтуль ня ведаю, хто ініцыяваў фэйкавы штурм Дому Ўраду 19 сьнежня 2010 году, пасьля чаго пачаліся рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, а Беларусь была адкінутая назад у справе нармалізацыі адносін з Захадам.

Я дагэтуль ня ведаю, хто стаіць за тэрактам у менскім мэтро ў 2011 годзе і ці не паўтораць тыя людзі штосьці падобнае, каб пасеяць паніку і хаос у Беларусі, у якой адначасова пачнецца эканамічны каляпс і выступы рознага кшталту прарасейскіх «паліцаяў».

Я алярміст, бо бачу, што Лукашэнка ў сваім супрацьстаяньні Крамлю абапіраецца на адданых сабе сілавікоў, пакідаючы грамадзян у якасьці пасіўных гледачоў супрацьстаяньня з Расеяй, якое нарастае.

Што мне дае ўпэўненасьці ў аддаленай пэрспэктыве, гэта тое, што ў праўладных элітах мусяць разумець, што здача Беларусі Расеі хоць у якой форме далёка не для ўсіх будзе ліфтам угару, а хутчэй для большасьці на дол, бо здраднікаў выкарыстоўваюць адзін раз.

Таму я ўпэўнены, што розныя слаі грамадзтва маюць шанец аб'яднацца «калі раптам што».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG