Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў «сьмяхотным» рашэньне судзьдзі прыпыніць ягоны ўказ


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter рэзка скрытыкаваў фэдэральнага судзьдзю, які ў пятніцу прыпыніў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу, што прадугледжвае часовую забарону на ўезд у ЗША грамадзян сямі краін і бестэрміновае спыненьне допуску ў краіну сырыйскіх уцекачоў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter рэзка скрытыкаваў фэдэральнага судзьдзю, які ў пятніцу прыпыніў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу, што прадугледжвае часовую забарону на ўезд у ЗША грамадзян сямі краін і бестэрміновае спыненьне допуску ў краіну сырыйскіх уцекачоў.

У сваім допісе Трамп назваў судзьдзю Джэймса Робарта з Сыэтлу «так званы судзьдзя» і ягонае «меркаваньне» ахарактарызаваў як «сьмяхотнае». Прэзыдэнт ЗША напісаў, што рашэньне судзьдзі будзе скасаванае. Трамп дадаў, што «некаторыя блізкаўсходнія краіны згодныя з забаронай».

«Яны ведаюць, што калі ўпускаць некаторых людзей, дык гэта сьмерць і разбурэньні», — напісаў ён.

Судзьдзя Робарт, які ў свой час быў прызначаны прэзыдэнтам Джорджам Бушам-малодшым, прыняў рашэньне ўвечары 3 лютага, што ўказ Трампа нельга ажыцьцяўляць пакуль не разгледжаныя пазовы супраць ўказу, пададзеныя штатамі Мінэсота і Вашынгтон.

Робарт абвясьціў, што штаты давялі шкоду, нанесеную ім у выніку ажыцьцяўленьня гэтага ўказу. Судовае рашэньне прыпыніла дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу па ўсёй краіне, што азначае, што візы, выдадзеныя грамадзянам сямі краін, ёсьць дзейнымі. Памежная служба ЗША паінфармавала авіякампаніі пра дазвол для грамадзян гэтых краін зь дзейнымі візамі на пералёты рэйсамі, якія накіроўваюцца ў Злучаныя Штаты.

Тыдзень таму, пасьля ўступленьня ў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу, каля дзьвюх соцень грамадзян сямі краін, якія мелі від на жыхарства ў ЗША, былі затрыманыя пры ўезьдзе ў Злучаныя Штаты. Пазьней усе яны былі дапушчаныя ў ЗША. Некалькі дзясяткаў тысяч уладальнікаў імігранцкіх і неіміграцыйных візаў, выдадзеных у гэтых краінах, атрымалі паведамленьні пра тое, што гэтыя візы несапраўдныя.

За некалькі гадзін да рашэньня судзьдзі ў Сыэтле фэдэральны судзьдзя ў Бостане вынес рашэньне пра канстытуцыйнасьць прэзыдэнцкага ўказу, адмяніўшы сваё рашэньне пра часовае прыпыненьне яго дзеяньня. Канчаткова лёс указу прэзыдэнта Трампа будзе вызначаны судамі вышэйшай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG