Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп сёньня правядзе тэлефонную размову з Парашэнкам


Жыхарка Аўдзееўкі на ўсходзе Ўкраіны каля свайго дому пасьля абстрэлу.
Жыхарка Аўдзееўкі на ўсходзе Ўкраіны каля свайго дому пасьля абстрэлу.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заплянавалі на 4 лютага тэлефонную размову. Яна мае адбыцца каля поўначы паводле менскага часу. Трамп ў гэты час будзе знаходзіцца ў сваім маёнтку Мар-а-Лага ў штаце Фларыда, дзе правядзе выходныя дні.

Раней, як паведаміла амэрыканскае выданне Politico, Дональд Трамп правёў прыватную сустрэчу з адным зь лідэраў украінскай апазыцыі, былым прэм’ер-міністрам, а цяпер апазыцыйным дэпутатам Юліяй Цімашэнкай. Сустрэча праводзілася ў нефармальнай абстаноўцы, у рамках малітоўнага сьняданку ў мінулы чацьвер. На сустрэчы прысутнічаў віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс.

Нягледзячы на тое, што падчас сваёй выбарчай кампаніі Трамп казаў пра намер аслабіць санкцыі супраць Расеі, зьвязаныя з роляй Масквы ва Ўкраіне, Цімашэнка пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША сказала пра адваротнае. Як паведамляе Politico, спасылаючыся на свае крыніцы, якія прысутнічалі пры сустрэчы, Цімашэнка атрымала ад Трампа запэўніваньні ў падтрымцы Ўкраіны. Прэзыдэнт запэўніў Цімашэнку, што ня стане адмяняць санкцыі супраць Расеі да таго часу, пакуль Масква ня выведзе свае сілы з тэрыторыі Ўкраіны.

У афіцыйнай заяве Белага дому з нагоды гэтай размовы гаворыцца: «Хоць не было дадзена фармальных гарантый, бо былая прэм’ер-міністар не займае адпаведнай пасады, Злучаныя Штаты застаюцца заклапочанымі гвалтам ва ўсходняй Украіне».

На ўсходзе Ўкраіны ад 29 студзеня ўзмацніліся баі. Украінскія ўлады і прарасейскія сэпаратысты вінавацяць адно аднаго ў эскаляцыі канфлікту. Рада Бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне цяжкага ўзбраеньня на Данбасе, а ў АБСЭ ўсклалі адказнасьць за абвастрэньне на Расею. Часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Кейт Бэрнс казала пра наступ пад Аўдзееўкай «камбінаваных расейска-сэпаратысцкіх войскаў» і пра 17 тысяч чалавек, якіх закрануў надзвычайны гуманітарны стан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG