У Румыніі каля 250 тысяч чалавек выйшлі ў сераду на акцыі пратэсту супраць рашэньня ўраду вызваліць ад крымінальнай адказнасьці чыноўнікаў за карупцыю з шкодай менш за 200 тысяч леяў (44 тысяч эўра).
Таксама ўлады плянуюць правесьці амністыю асуджаных, якія адбываюць тэрміны, меншыя за пяць гадоў.
У Бухарэсьце, паводле паведамленьні Бі-бі-сі, да 150 тысяч чалавек узялі ўдзел у дэманстрацыі каля будынка ўраду. Яшчэ 100-150 тысяч чалавек пратэставалі ў іншых гарадах краіны. Людзі патрабавалі адмены рашэньняў і адстаўкі ўраду.
У Бухарэсьце адбыліся сутыкненьні з паліцыяй пасьля таго, як некалькі соцень футбольных фанатаў, якія былі ў натоўпе дэманстрантаў, пачалі кідаць камяні і дымавыя шашкі ў паліцыянтаў. У адказ паліцыя ўжыла сьлезацечны газ. Паводле дадзеных уладаў, пацярпелі чатыры чалавекі.
Цяперашняя хваля антыўрадавых пратэстаў — самая маштабная пасьля падзеньня камуністычнай улады ў 1989 годзе, адзначае Bloomberg.
Улады Румыніі тлумачаць рашэньне зьмякчыць кары для карупцыянераў і амніставаць асуджаных на невялікія тэрміны спробай пазьбегчы перапоўненасьці турмаў. Апанэнты лічаць, што новая пастанова дазволіць пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці шэрагу палітыкаў, у прыватнасьці, старшыні кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі Лівію Драгня, якога абвінавачваюць у злоўжываньні паўнамоцтвамі.