Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі гарвыканкам прызнаў памылкі пры налічэньні «жыровак»


Будынак інтэрнату, жыхары якога адмовіліся плаціць камуналку
Будынак інтэрнату, жыхары якога адмовіліся плаціць камуналку

Вінаватым за памылковае налічэньне «жыровак» у адным з інтэрнатаў Магілёва зрабілі работніка камунальнай службы, які здымаў паказаньні зь лічыльніка электраэнэргіі. Жыхары, атрымаўшы «жыроўкі» за лістапад 2016 году з завышанымі амаль удвая расцэнкамі за электраэнэргію, высьветлілі, што такім чынам камунальнікі кампэнсавалі лічбы за папярэднія месяцы, калі памылкова фіксавалі нашмат ніжэйшыя паказаньні.

Пра гэта Магілёўскі гарвыканкам паведаміў жыльцам інтэрнату, якія пагражалі не аплачваць камунальных паслуг, пакуль ня будзе высьветлена, чаму за лістапад мінулага году былі завышаныя амаль удвая расцэнкі па электраэнэргіі, што прывяло да падаражаньня ўсёй камуналкі.

Квіток з сумай аплаты за лістапад
Квіток з сумай аплаты за лістапад

Квіток з сумай аплаты за кастрычнік
Квіток з сумай аплаты за кастрычнік

Як вынікае з адказу чыноўнікаў, завышэньне адбылося з прычыны таго, што ў папярэднія тры месяцы 2016 году паказаньні электралічыльнікаў «не адпавядалі фактычным». Службоўцы спаслаліся на вынікі параўнальнага аналізу з аналягічным пэрыядам 2015 году.

«Выяўлена, што паказаньні электралічыльнікаў за чэрвень, верасень, кастрычнік 2016 году значна ніжэйшыя, чым паказаньні за аналягічны пэрыяд 2015 году, — сьцьвярджаецца ў адказе з гарвыканкаму. — Гэты факт дапускае, што пададзеныя для разьліку паказаньні за чэрвень, верасень, кастрычнік 2016 году не адпавядалі фактычным».

«Таму, — рэзюмавалі чыноўнікі, — паказаньні за лістапад 2016 году выявіліся завышанымі з прычыны няправільна зьнятых паказаньняў у папярэднія месяцы».

Жыльцы інтэрнату адказ з гарвыканкаму называюць задужа мудрагелістым і довадам чыноўнікаў ня вераць.

Алег Аксёнаў
Алег Аксёнаў

«Мы даведаліся, што нібыта была створаная камісія, якая разьбіралася ў сытуацыі, але чаму ніхто не сустрэўся з жыльцамі? З адказу таксама ня ясна, што будзе са сродкамі, якія мы пераплацілі за лістапад. Напісалі, што вінаваты электрык, які нешта наблытаў. Але як гэта праверыць — наблытаў ён насамрэч ці не? Калі б мы заплацілі завышаную камуналку, дык і далей бы блытаў? Выходзіць, што налічэньне вядзецца „ад балды“ і такая сытуацыя ці яе варыянты цалкам магчымая ў іншых інтэрнатах гораду. Проста людзі не надаюць ёй значэньня. Плацяць, і ўсё», — камэнтуе адказ з гарвыканкаму жылец інтэрнату Алег Аксёнаў.

Паводле яго, інтэрнатаўцы працягнуць шукаць праўды ў вышэйшых структурах улады.

«Будзем пісаць у аблвыканкам, каб той стварыў камісію, якая б працавала з жыхарамі», — кажа Аксёнаў.

«У нас галоўнае патрабаваньне — вярніце нам сродкі, якія мы пераплацілі. Мала таго, што „жыроўкі“ за лістапад нам даслалі са спазьненьнем і тэрмін аплаты з гэтай прычыны нам працягнулі, але ў наступным месяцы ў „жыроўках“ была пеня. У разьлікова-касавых цэнтрах кажуць: „Вы плаціце, а там разьбяруцца“. Вось такое стаўленьне да людзей», — адзначае насельнік інтэрнату.

Пад зваротам з патрабаваньнем разабрацца ў сытуацыі падпісаліся за дзьве гадзіны 50 жыльцоў. Пасьля таго, як яны не атрымалі зразумелага адказу на свае пытаньні ад камунальных службаў, зьвярнуліся са скаргамі ў гарвыканкам ды гарадзкую пракуратуру. «Неабгрунтаванае» павышэньне расцэнак на электраэнэргію скаржнікі назвалі махінацыямі.

Адзін з падпісных лістоў са зваротам у пракуратуру і гарвыканкам
Адзін з падпісных лістоў са зваротам у пракуратуру і гарвыканкам

У студзені, як сьцьвярджаюць інтэрнатаўцы, сьнежаньскія «жыроўкі» прыйшлі зь пераразьлікам. У лісьце з жыльлёва-эксплюатацыйнага ўчастку № 9, які абслугоўвае інтэрнат, патлумачылі, што завышэньне расцэнак па электраэнэргіі адбылося ў выніку іх «памылковага заніжэньня ў мінулыя месяцы».

Інтэрнат, у якім адмаўляліся плаціць камунальныя паслугі, разьмешчаны ў тыпавым панэльным дзевяціпавярховіку на вуліцы Крупскай. Побач такія ж інтэрнаты. У доме жыве пад дзьве сотні сем’яў. Кухня агульная з электрычнымі плітамі. Некалі ён належаў заводу «Магілёўтрансмаш», які колькі гадоў таму быў перададзены гораду. Цяпер інтэрнат на балянсе ЖРЭУ Ленінскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG