Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы ЗША пратэстуюць супраць прэзыдэнцкай забароны на ўезд зь сямі краінаў


Амбасада ЗША ў Багдадзе (архіўнае фота)
Амбасада ЗША ў Багдадзе (архіўнае фота)

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пацьвердзіў, што каля 900 службовых асобаў гэтага ведамства па ўсім сьвеце пратэстуюць супраць часовай забароны прэзыдэнта Дональда Трампа на ўезд уцекачоў, а таксама гасьцей зь сямі пераважна мусульманскіх краінаў.

Паведамляецца, што 31 студзеня па спэцыяльных каналах, якія службовыя асобы могуць выкарыстоўваць для выказваньня іншадумства, быў перададзены мэмарандум, які выказвае нязгоду з афіцыйнай палітыкай.

Дыпляматы выказалі занепакоенасьць тым, што новы выканаўчы ўказ прывядзе да пагаршэньня адносін з мусульманскімі краінамі, паслужыць распальваньню антыамэрыканскіх настрояў і пашкодзіць тым, хто мае законныя падставы наведаць ЗША.

Яны лічаць, што цяперашняя палітыка «ідзе насуперак асноўным амэрыканскім каштоўнасьцям недыскрымінацыі, сумленнай гульні і цёплага прыёму». «Мы лепшыя, чым гэтая забарона», — заявілі дыпляматы.

Указ Трампа забараняе наведнікам зь Емену, Іраку, Ірану, Лібіі, Самалі, Судану, і Сырыі прыбываць у ЗША на працягу 90 дзён. На 120 дзён забаронены прыём уцекачоў і на нявызначаны тэрмін забаронены ўезд сырыйскім уцекачам.

«Канал іншадумства» (dissent channel) — спосаб абмену паведамленьнямі для грамадзян ЗША, якія працуюць у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША і Агенцтве па міжнародным разьвіцьці (USAID), празь які яны могуць выказаць «канструктыўную крытыку ўрадавай палітыкі». Паводле афіцыйнага ўрадавага распараджэньня, канал прызначаны для «разгляду адказных, нязгодных і альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня на асноўныя пытаньні зьнешняй палітыкі, якія ня могуць быць перададзеныя ў поўным выглядзе і своечасова праз звычайныя працоўныя каналы або працэдуры». Паведамленьні, якія адпраўляюцца праз «канал іншадумства», трапляюць да старэйшых службоўцаў Дзярждэпартамэнту, якія займаюцца плянаваньнем ведамаснай палітыкі і якія павінны пацьвердзіць атрыманьне такіх паведамленьняў на працягу 2-х дзён ды адказаць на іх на працягу двух месяцаў ад іх атрыманьня. «Канал іншадумства» быў створаны ў пачатку 1970-х гадоў, як рэакцыя на засьцярогі, што канструктыўная крытыка замежнай палітыкі здушалася або ігнаравалася падчас вайны ў Віетнаме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG