Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфарматары ці чыноўнікі? Значныя кадравыя перастаноўкі ў Мінэканомікі


Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых перастановак у кіраўніцтве Міністэрства эканомікі. Некаторыя новыя прызначэнцы раней былі вядомыя заявамі пра неабходнасьць структурных рэформаў, але незалежныя экспэрты ня лічаць, што зь іхнымі імёнамі будуць зьвязаныя перамены ў эканамічнай палітыцы.

Адпаведна з рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі ад 27 студзеня, першы намесьнік міністра Аляксандар Забароўскі, якога СМІ называлі «галоўным лібэралам» Мінэканомікі, пакінуў сваю пасаду і перайшоў на працу ў Нацыянальны банк — ён стаў дарадцам старшыні Паўла Калавура.

Аляксандар Забароўскі
Аляксандар Забароўскі

На яго месца быў прызначаны Дзьмітры Круты, а Аляксандар Чарвякоў і Павал Уцюпін атрымалі пасады намесьнікаў міністра эканомікі.

Што вядома пра новых прызначэнцаў?

Імёны людзей, якія атрымалі новыя пасады ў кіраўніцтве Мінэканомікі, ня часта фігуравалі ў СМІ раней.

Вядома, што 36-гадовы Дзьмітры Круты скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт (2003) і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце (2010). З 2014-га па 2017 год займаў пасаду намесьніка міністра эканомікі.

Дзьмітры Круты
Дзьмітры Круты

У кастрычніку 2015 году Дзьмітры Круты адзначыўся заявай аб неабходнасьці «структурных рэформаў» у беларускай эканоміцы. Паводле ягоных тагачасных ацэнак нават пры высокіх цэнах на нафту і аднаўленьні ўзроўню экспарту ВУП Беларусі ня будзе расьці больш за 2,2% за год і скараціць адставаньне ад лідэраў сусьветнай эканомікі не атрымаецца.

«Пераламаць гэтую сытуацыю магчыма будзе толькі за кошт правядзеньня інстытуцыйных і структурных рэформаў», — заявіў тады журналістам Круты.

51-гадовы Аляксандар Чарвякоў скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, ён зьяўляецца кандыдатам тэхнічных навук. З 2010 году ўзначальваў Навукова-дасьледчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі.

Аляксандар Чарвякоў трапіў у поле зроку недзяржаўных СМІ ў канцы 2016 году, калі надрукаваў у выданьні «Экономический бюллетень» артыкул, дзе вельмі крытычна ацаніў сытуацыю ў беларускай эканоміцы. Ён адзначаў, што нават калі эканоміка дэманстравала рост, то ён меў «экстэнсіўны характар», бо быў зьвязаны з расейскімі нафтагазавымі прэфэрэнцыямі для Беларусі.

«Па сутнасьці, галіны эканомікі засталіся высоказатратнымі і нізкатэхналягічнымі. Праведзеная мадэрнізацыя не прывяла да карэнных зьмен у тэхналёгіях. У выніку захоўваецца амаль трохразовае адставаньне ад высокаразьвітых краін па долі высокіх тэхналёгіяў у прамысловасьці і 4-5-разовае — па прадукцыйнасьці працы», — падкрэсьліваў Чарвякоў.

У тым артыкуле Чарвякоў рабіў выснову, што без структурных рэформаў рост ВУП будзе мінімальным (ня больш за 1,2%), а для больш высокіх тэмпаў патрэбна новая эканоміка.

41-гадовы Павал Уцюпін скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце. Зь 2011 году ён працаваў намесьнікам міністра прамысловасьці.

Павал Уцюпін
Павал Уцюпін

Раманчук: Забароўскі хутчэй зьяўляецца не лібэралам, а сацыял-дэмакратам

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук не надае шмат значэньня сыходу зь Мінэканомікі Аляксандра Забароўскага. На думку экспэрта, СМІ памыляюцца, калі называюць Забароўскага лібэралам.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«У Міністэрстве эканомікі ніхто не казаў, што Забароўскі лібэрал. Забароўскі і сам старанна пазьбягаў гэтага слова. Калі казаць пра нейкі сьветапогляд, то ён хутчэй зьяўляецца сацыял-дэмакратам, чалавекам, які лічыць, што дзяржава павінна існаваць і яе павінна быць шмат. Ён ніколі не падтрымліваў парадак дня, які быў бы пасьлядоўна лібэральным. Увогуле ў Міністэрстве эканомікі, як і ва ўрадзе, амаль няма людзей (за выключэньнем, можа, 2-3 чалавек, імёны якіх называць ня буду), якіх можна было б лічыць лібэраламі. Яны ў прынцыпе ня могуць быць лібэраламі, улічваючы, якія прапановы яны рэгулярна падтрымліваюць», — кажа ён.

Раманчук наогул ня лічыць, што кадравыя перастаноўкі ў Міністэрстве эканомікі могуць неяк паўплываць на эканамічную палітыку ў краіне.

«Аднаго невялікага начальніка памянялі на іншага, а сэнс эканамічнай палітыкі не мяняецца. Міністэрства эканомікі ў прынцыпе не зьяўляецца нейкім цэнтрам выпрацоўкі новай эканамічнай палітыкі. Як мы пабачылі ў апошнія гады, галоўнымі зьяўляюцца сілавыя і кантрольныя органы — яны значна больш значаць. Тое, што нехта стаў першым намесьнікам міністра або другім, ніяк не ўплывае на тое, у якой эканоміцы мы будзем жыць», — лічыць экспэрт.

Злотнікаў: такія замены не дапамогуць

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама ўпэўнены, што цяперашнія кадравыя перастаноўкі нічога не зьменяць:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Можна меркаваць, што гэта спробы нешта зьмяніць у кіраваньні эканомікай, не зьмяняючы самой мадэлі эканомікі. Справа ня ў людзях, якія кіруюць міністэрствамі і прадпрыемствамі, а ў эканамічнай і палітычнай сыстэме. Такія замены не дапамогуць».

Злотнікаў ня лічыць, што сыход Забароўскага зьяўляецца стратай для Міністэрства эканомікі і кепска адабʼецца на эканамічнай палітыцы. На думку экспэрта, Забароўскі мала што зрабіў бы, нават калі б атрымаў больш шырокія паўнамоцтвы.

«Гэтыя ня тыя людзі, ня тыя спэцыялісты, якія патрэбны для таго, каб спыніць нэгатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і пачаць рэформы. Іхны сыход аб прыход мала што мяняе. Я ня ўсіх ведаю з тых, хто атрымаў новыя пасады. Чарвякоў, наколькі я ведаю, невялікі спэцыяліст у эканоміцы. Ён да прыходу на пасаду дырэктара інстытуту займаўся пытаньнямі тэхнічнымі — ён спэцыяліст у мэханізацыі фэрмаў буйной рагатай жывёлы. Ня думаю, што ён, ня маючы сучаснай адукацыі ў эканамічнай тэорыі, можа даць нешта каштоўнае міністэрству на больш высокім узроўні. Што тычыцца астатніх (Крутога і Ўцюпіна. — РС), то я іх асабліва ня ведаю. Так, яны, відаць, паезьдзілі па сьвеце, яны ведаюць, што мы адсталі вельмі сур’ёзна. Я ня буду казаць, што яны кепскія спэцыялісты, але нават калі яны ведаюць, што трэба рабіць, на ўзроўні намесьніка міністра нічога ня могуць зьмяніць».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG