Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім разьлічвае, што краязнаўчы музэй у Стоўпцах адкрыецца гэтым летам


Алена Анісім
Алена Анісім

Пра такую магчымасьць Алена Анісім расказала ў размове з карэспандэнтам Свабоды.

«У нас ёсьць добрая навіна. Краязнаўчыя матэрыялы, якія захоўваліся ў вёсцы Стары Сьвержань, знайшліся. Там у свой час быў краязнаўчы музэй, аднак ён ня меў статусу раённага. Пасьля таго, як ініцыятара гэтай справы ня стала ў жывых, экспанаты неяк разышліся па розных руках. І нават ня верылася, што іх можна будзе зноўку сабраць. Але ж атрымалася. Захаваліся экспанаты і ў дамах культуры, і ў школах. Нашы актывісты ўжо зрабілі кароткую пашпартызацыю. Ёсьць звыш 90 экспанатаў, у тым ліку і бівень маманта. У 1974 годзе ў раёне правялі археалягічныя раскопкі. І ўсё, што тады знайшлі — цікавыя рэчы і прадметы — захавалася. І я спадзяюся, што к лету ў нас атрымаецца экспазыцыя», — паведаміла Алена Анісім.

Паводле яе, цяпер актыўна шукаюць памяшканьне для музэю:

«Магчыма, стварэньне музэю пройдзе ў некалькі этапаў. Спачатку гэта будзе галерэя, у якой разьмесьцяцца першасныя экспазыцыі. Ёсьць двухпавярховы будынак у самым цэнтры Стоўпцаў, першы паверх якога — гарадзкая маёмасьць. Цяпер думаем, як яго падрыхтаваць. Бо адразу ж узьнікаюць праблемы з рамонтам, прыстасаваньнямі, ацяпленьнем, тэмпэратурным рэжымам, санітарнымі нормамі і г.д.

Але мы не адкідаем і пошук большага памяшканьня. Вось чаму і кажам, што на самым пачатку гэта можа быць галерэя. На жаль, не хапае нам інвэстараў. Уяўляеце, як было б шыкоўна, калі б нехта будаваў вялікі будынак і адразу закладаў у ім памяшканьне для музэю. Трэба моцна стымуляваць фундатарства, заахвочваць бізнэсоўцаў, якія даюць грошы на ўстановы культуры. Каб яны бачылі для сябе канкрэтную выгоду ад укладаньня ўласных сродкаў у сацыяльныя і культурныя аб’екты. Бізнэс, на маю думку, можа быць карпаратыўна адказным перад дзяржавай. Аднак і дзяржава павінна быць адказнай перад бізнэсам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG