Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадзкія СМІ назвалі імёны падазраваных у расстрэле наведнікаў мячэці


Тэракт у Квэбэку адбыўся неўзабаве пасьля таго, як Канада паабяцала прымаць уцекачоў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00

Два чалавекі са зброяй расстралялі ў Квэбэку наведнікаў гарадзкой мячэці. Паведамляецца пра шэсьць загінулых ва ўзросьце ад 35 да 70 гадоў і мінімум восем параненых, шасьцёра зь якіх у крытычным стане. Арыштаваныя двое падазраваных: адзін непасрэдна побач зь мячэцьцю, і яшчэ адзін на ўсходзе гораду.

Канадзкія СМІ назвалі імёны падазраваных: гэта 27-гадовы Аляксандр Бісанэт (Alexandre Bissonnette) і Мухамад Хадзір (Mohamed Khadir). Альбо толькі Бісанэт, альбо абодва яны — студэнты разьмешчанага ў Квэбэку Унівэрсытэту Ляваль. Афіцыйна кіраўніцтва ўнівэрсытэту пакуль гэтую інфармацыю не пацьвярджае.

Бісанэт — мясцовы ўраджэнец, паводле інфармацыі зь яго Фэйсбуку, ва ўнівэрсытэце ён вывучаў антрапалёгію і палітычныя навукі. Хадзір мае мараканскія карані.

Хадзір быў арыштаваны каля мячэці, а яго саўдзельнік сам выклікаў паліцыю і заявіў, што «адчувае сябе дрэнна пасьля таго, што зрабіў, і хоча застрэліцца». Ён быў арыштаваны на мосьце за 20 км ад месца здарэньня пасьля перамоваў з паліцыяй.

У затрыманых канфіскавана агнястрэльная зброя, у тым ліку пісталет і аўтаматы АК-47. Раней ні Бісанэт, ні Хадзір ніколі не арыштоўваліся паліцыяй.

****

На момант здарэньня ў мячэці ў раёне Сэнт-Фуа на вечаровай малітве было каля 50 чалавек, 39 зь іх не пацярпелі. Сьведкі паведамілі, што нападнікаў было трое, аднак паліцыя сьцьвярджае, што стралялі два чалавекі, і адмаўляе, што ў дзьвюх стралкоў быў саўдзельнік. Сьведкі сьцьвярджаюць, што нападнікі былі ў масках і крычалі «Алах Акбар», але зь мясцовым акцэнтам.

Яны ўвайшлі ў залю з пачаткам малітвы і адкрылі агонь.

Наведнікі мячэці паспрабавалі абяззброіць стралкоў, але тыя расстралялі іх ва ўпор.

Мячэць, на якую ўчынены напад — адна з шасьці ў Квэбэку, у яе ходзяць каля 5 тысяч вернікаў. Кіраўніцтва мячэці сьцьвярджае, што ніякіх канфліктаў у іх у апошнія месяцы ні з кім не было.

«Не разумею, чаму напалі менавіта на яе, гэта невялікая мячэць, — цытуе AFP аднаго з наведнікаў мячэці, які быў у ёй падчас нападу. — Гэта не Манрэаль і не Таронта».

Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо назваў напад «тэрактам супраць мусульман» і выказаў спачуваньні сем’ям забітых. У заяве прэм’ер падкрэсьліў, што канадзкія мусульмане — «важны складнік нашай нацыі», і гэткім «бесчалавечным» актам — «ня месца ў нашым грамадзтве».

«Наша сіла — у нашай разнастайнасьці, і талерантнасьць да ўсіх рэлігій — наша каштоўнасьць як грамадзянаў Канады», — падкрэсьліў Трудо.

За дзень да гэтага Трудо паабяцаў, што Канада прыме ўсіх уцекачоў з Сырыі, Іраку, Емэну, Лібіі і іншых ахопленых войнамі краін, якім апошні ўказ прэзыдэнта Дональда Трампа забараніў уезд у ЗША.

Прэм’ер правінцыі Квэбэк даручыў узмацніць ахову ісламскіх цэнтраў у рэгіёне, аналягічныя захады распачатыя ў Нью-Ёрку.

Апошні антыісламскі інцыдэнт у Квэбэку адбыўся летам, калі пад дзьверы ісламскага цэнтру была падкінутая адрэзаная сьвіная галава. Што тычыцца стральбы, то гэткае ў Канадзе адбываецца вельмі рэдка з-за жорсткіх законаў аб кантролі за карыстаньнем зброяй.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG