Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель рэзка скрытыкавала ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які часова забараняе ўезд у Злучаныя Штаты грамадзянам сямі пераважна мусульманскіх краінаў. Паводле Мэркель, змаганьне з тэрарызмам не апраўдвае крокі супраць людзей на падставе іх веравызнаньня.
У заяве ад 30 студзеня Мэркель адзначыла, што змаганьне з тэрарызмам неабходнае і павінна быць «рашучым». Але яна дадала, што гэта «ніякім чынам не апраўдвае агульнага падазрэньня супраць людзей канкрэтнага веравызнаньня, у гэтым выпадку мусульманскай веры ці супраць людзей канкрэтнага паходжаньня».
«На маю думку, гэты акт пярэчыць базавым прынцыпам міжнароднай дапамогі ўцекачам і міжнароднага супрацоўніцтва», — сказала Мэркель.
Яна таксама што нямецкі ўрад «зробіць усё магчымае, асабліва для закранутых асобаў з падвойным грамадзянствам», каб праясьніць юрыдычныя наступствы ўказу і абараняць іх правы паводле закону.
Мэркель дадала, што цяпер ў гэтым пытаньні ладзяцца кансультацыі з эўрапейскімі партнэрамі Нямеччыны.