Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнік з вучаніцай — злачынства, а не рамантыка


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Паміж 14-гадовай вучаніцай і 61-гадовым настаўнікам ня можа быць аніякай рамантыкі. Гісторыю з аграгарадку ў Віцебскім раёне нельга называць «незвычайным» каханьнем, якое нібыта ня можа быць прынята кансэрватыўным грамадзтвам. Калі вэрсія сьледзтва пацьвердзіцца, дык гэта гісторыя дзяўчыны, якая заблыталася ў сваіх эмоцыях, і злачынцы, які скарыстаўся гэтай заблытанасьцю.

Сьледчыя будуць далей высьвятляць, што адбывалася паміж настаўнікам і вучаніцай, а пакуль што мужчына афіцыйна падазраецца ў «палавых зносінах і іншых дзеяньнях сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту».

Настаўнік да сустрэчы з адвакатам прызнаў віну, але цяпер усё адмаўляе. Прычыны могуць быць розныя: і ціск з боку міліцыянтаў, каб атрымаць «патрэбныя» паказаньні, і тлумачэньні адваката, што ў сытуацыі «слова супраць слова» дабіцца поўнага апраўданьня альбо мінімальнага пакараньня будзе значна прасьцей. Другі варыянт, улічваючы судовую практыку па падобных справах, выглядае больш верагодным.

Дзяржава з часам стварае ўсё новыя і новыя прэцэдэнты бесчалавечнага стаўленьня да дзяцей і іх бацькоў.

Кожны раз, калі інфармацыя такога кшталту зьяўляецца ў СМІ, гэта нагода паназіраць за працай дзяржаўных органаў і ўбачыць, як шмат людзей вакол апраўдваюць злачынствы супраць сэксуальнай недатыкальнасьці дзяцей і падлеткаў. Пужае, як правіла, рэакцыя і дзяржавы, і грамадзтва ў цэлым. І калі рэакцыя шараговых грамадзянак і грамадзян у сярэднім застаецца прыблізна аднолькавай, то дзяржава з часам стварае ўсё новыя і новыя прэцэдэнты бесчалавечнага стаўленьня да дзяцей і іх бацькоў.

Дзяўчыну цяпер могуць забраць ад яе маці. Прадстаўніцы органаў апекі кажуць, што тая недастаткова добра спраўлялася са сваімі мацярынскімі абавязкамі. Замест таго, каб прапанаваць псыхалягічную дапамогу і ўвогуле неяк дапамагчы, яны разам з аддзелам адукацыі вінавацяць ва ўсім жанчыну і пагражаюць адабраць дачку. Аддзелу адукацыі вельмі раю задумацца аб якасьці іх працы і калектыўна звольніцца. Бо калі гэтая гісторыя пацьвердзіцца ў судзе, дык атрымоўваецца, што гэта яны так цудоўна арганізавалі працу адукацыйных установаў раёну, дзе ў падначаленай школе працаваў настаўнік фізкультуры, які займаўся сэксам з чатырнаццацігадовай вучаніцай.

У тых, хто шкадуе настаўніка, надзвычай добра працуе фантазія.

Па вялікім рахунку, грамадзкія рэакцыі на такія злачынствы можна падзяліць на два віды: «бедная дзяўчынка» і «бедны настаўнік». У тых, хто шкадуе настаўніка, надзвычай добра працуе фантазія: адны кажуць, што дзяўчынка ўсё прыдумала (ніхто, праўда, ня можа патлумачыць, навошта), іншыя — што сэксуальныя зносіны былі, але гэта малалетняя спакусьніца ўва ўсім вінаватая. Праўда, зь лёгікай і эмпатыяй у гэтых людзей усё ня так добра, як з фантазіяй.

Напрыклад, яны кажуць, што, агаварыўшы настаўніка, дзяўчына штосьці з гэтага атрымае. Грошы? Дык размова ідзе пра школьнага настаўніка фізкультуры ў беларускім аграгарадку. Павышэньне сацыяльнага статусу? Каб такое ўявіць, трэба жыць хіба на іншай плянэце, бо ў рэальнасьці ахвяры сэксуальных злачынстваў атрымліваюць цкаваньне, і ў гэтым канкрэтным выпадку дзяўчына ўжо вымушана зьмяняць школу на іншую.

61-гадовы мужчына цалкам самастойна нясе адказнасьць за тое, дзе, калі і побач з кім ён здымае майткі.

Таксама яны кажуць, што дзяўчына — спакусьніца, што «дзеці цяпер не такія, як раней», што настаўнік ня мог супрацьстаяць. Толькі нешта мне падказвае, што яна не прывязвала яго і не катавала. А ўва ўсіх астатніх выпадках 61-гадовы мужчына цалкам самастойна нясе адказнасьць за тое, дзе, калі і побач з кім ён здымае майткі.

Ёй чатырнаццаць гадоў. Яна расьце ў грамадзтве, якое зацыклена на ідэі гетэрасэксуальных стасункаў, дзе мужчына — вялікі і моцны, крыніца ўлады, абаронца, і ён заўжды мусіць быць старэйшым. Гэта тое, чаму вучаць дзяўчынак у большасьці беларускіх сем’яў, і тое, што яны бачаць у казках і мультфільмах, і што чуюць у песьнях з раньняга дзяцінства.

Яму — шэсьцьдзесят адзін, і ён яе настаўнік. І тут ужо не маюць значэньня яго жыцьцёвыя абставіны — як яго характарызуюць калегі, сябры і родныя. Яго віна ня стане меншая ад таго, што ён ветлівы з кіраўніцтвам ці заўжды ўсьміхаецца прадавачцы ў краме. Тым, хто цяпер расказвае, які ён добры і паважаны, проста страшна і сорамна, што яны мусілі штосьці заўважыць, але не змаглі. Аднак для іх гэта нагода для размоваў — ня болей.

Настаўніка называюць паважаным, дзяўчыну — аксэлераткай, а маці — кепскай. Так і жывем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG