«Пытаньне аб аднаўленьні дыпляматычных адносін паміж Грузіяй і Расеяй можа быць пастаўлены толькі пасьля таго, як пачнецца працэс справядлівага ўрэгуляваньня канфліктаў вакол Абхазіі і Паўднёвай Асэціі», — заявіў у эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода спэцыяльны прадстаўнік прэмʼер-міністра па ўрэгуляваньні адносін з Расеяй Зураб Абашыдзэ.
Так ён пракамэнтаваў паведамленьне расейскіх СМІ пра гатоўнасьць Тбілісі аднавіць дыпадносіны з Масквой.
Раней Абашыдзэ выступіў з адмысловай заявай у сувязі з распаўсюджанай у расейскіх СМІ інфармацыяй аб тым, што нібыта Грузія гатовая пачаць перамовы аб аднаўленьні дыпляматычных адносін. Дыплямат адзначыў, што расейскія СМІ правільна прывялі яго словы, аднак у агульным кантэксьце «выдалі нешта зусім іншае».
«Ніякіх навінаў з канфліктам пакуль няма», — адзначыў Зураб Абашыдзэ у гутарцы з Радыё Свабода. — «Няма ніякай станоўчай дынамікі. Больш за тое, ёсьць прыкметная нэгатыўная дынаміка».
Грузія абвясьціла аб разрыве дыпляматычных адносін з Расеяй у верасьні 2008 года, — празь некалькі дзён пасьля прызнаньня Расеяй незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэціі.