30 студзеня ў Міністэрстве эканомікі адбудзецца пасяджэньне рабочай групы ў пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, на якім будзе разглядацца ініцыятыва ІП у спрашчэньні дакумэнтазвароту і ўвядзеньні спэцыяльнага падатковага рэжыму для розьнічнага гандлю.
Адначасова кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, які асабіста будзе прымаць удзел у пасяджэньні, заклікаў прадпрымальнікаў падысьці да будынка міністэрства а 14-й гадзіне, каб выказаць сваю падтрымку ініцыятыве.
«На пасяджэньні будуць разглядаць „народны праект“ ад РГА „Пэрспэктыва“ — гэта закон, які мы патрабуем прыняць, каб спрасьціць працу прадпрымальнікаў. Сёньня органы ўлады дадуць свой адказ, ці магчыма гэта. І мы хочам, каб нас падтрымалі прадпрымальнікі, каб улады бачылі, што ёсьць людзі неабыякавыя. Мы, сябры рабочай групы, хацелі б зь імі пагутарыць і паведаміць вынікі», — адзначыў у інтэрвію Свабодзе Шумчанка.
«Цяжка сказаць, колькі людзей зьбярэцца. Але тое, што будуць людзі і зь Менску, і з рэгіёнаў — гэта дакладна. Мы прымалі рашэньне за некалькі дзён, гэта ўсё спантанна было, але паглядзім, што атрымаецца», — кажа Шумчанка.