У апублікаванай у пятніцу заяве кіраўнік сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў Маккейн паабяцаў, што ў адваротным выпадку ён і яго калегі будуць дамагацца наданьня статусу закона дзейным у дачыненьні да Расеі абмежаваньні. Яны былі ўведзеныя ў адказ на яе анэксію Крыма ў 2014 годзе і падтрымку сэпаратыстаў у канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.
Раней у пятніцу дарадца Дональда Трампа Кэліэн Конуэй ня выключыла магчымасьці разгляду адміністрацыяй пытаньня аб адмене антырасейскіх санкцый. Яна выказала здагадку, што падчас плянаванай на 28 студзеня тэлефоннай размовы Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімiрам Пуціным будуць абмяркоўвацца магчымасьці знайсьці агульныя падыходы, а таксама шляхі ўзаемадзеяньня ў барацьбе з «ісламскім тэрарызмам» Крэмль ніякіх камэнтароў у гэтай сувязі не даваў.
Як паведаміў прэс-сакратар Трампа Шон Спайсэр, 28 студзеня прэзыдэнт ЗША правядзе тэлефонныя размовы зь лідэрамі Расеі, Нямеччыны і Францыі — Уладзімiрам Пуціным, Ангелай Мэркель і Франсуа Аляндам.