Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч падтрымала выданьне збору твораў Дубоўкі, які сярод іншага ўвёў у мову слова талака


Сярод тых, хто падпісаўся на збор твораў Уладзімера Дубоўкі ў двух тамах — Сьвятлана Алексіевіч, якая лічыць Дубоўку адным з найбуйнейшых нацыянальных паэтаў Беларусі.

На краўдфандынгавай плятформе «Талака» ідзе збор сродкаў на выданьне самага поўнага збору твораў Уладзімера Дубоўкі ў двух тамах. Клясык беларускай паэзіі, які правёў 25 год у ГУЛАГУ і Сыбіры, ня мае ні нашчадкаў, якія маглі б прапагандаваць ягоную творчасьць, ні дзяржаўнае падтрымкі.

Як паведамляе «Талака», ужо тры гады ляжыць зьвярстаны збор твораў Дубоўкі ў двух тамах, але дагэтуль не знайшліся грошы на тое, каб надрукаваць яго. Праект будзе рэалізаваны нават у выпадку, калі знойдзе толькі 100 ахвярадаўцаў. Яго робіць выдавецтва «Лімарыус», вядомае чытачам па анталёгіях «Краса і сіла» і «Галасы з-за небакраю», сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка» і біяграфічнаму альманаху «Асоба і час». Збор твораў Дубоўкі выйдзе ў сэрыі «Галасы Айчыны», дзе ўжо выйшлі кнігі Алеся Салаўя і Янкі Юхнаўца, дзе выходзіў збор твораў Ларысы Геніюш у 2 тамах.

Паводле ініцыятараў выданьня, трэба сабраць 18.600 рублёў, але ж у друк выданьне пойдзе нават зьбяруць 13.000 рублёў. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу было сабрана 805 рублёў.

Як сказала Свабодзе Марына Шыбко, дырэктарка выдавецтва і каардынатарка праекту, зьбіраюць грошы ў «Лімарыусе» талакой упершыню.

— Мы хацелі б, каб кожны, хто падтрымае выданьне, атрымаў бы гэтыя два тамы, — кажа дырэктарка выдавецтва Марына Шыбко. — Можна выдаць, вядома, каб чакалі свайго часу на паліцах кнігарні, але ж кнігі Дубоўкі адразу павінны знайсьці свайго чытача. Таму мы і робім менавіта падпіску, з гарантыяй атрыманьня кнігі. Сярод тых, хто ўжо падпісаўся праз плятформу, альбо пералічыў грошы іншым чынам — нобэлеўская ляўрэатка Святлана Алексіевіч, якая, як высьветлілася, творчасьць Дубоўкі ведае добра, гісторык беларускага замежжа Лявон Юрэвіч, мастацтвазнаўца Андрэй Расінскі, паэты і перакладчыкі Натальля Русецкая і Антон Францішак Брыль, лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. Дубоўка вяртаецца на Беларусь«.

«Няма больш у нашай літаратуры асобы больш цікавай, чым Уладзімір Дубоўка, — паведамляе „Талака“. — Равесьнік стагодзьдзя, народжаны разам з векам у 1900 годзе на Вілейшчыне, ён вынес на сваіх плячах увесь сьвінцовы цяжар і ўсю жорсткую рамантыку свайго часу. Бежанец падчас першай сусьветнай, чырвонаармеец у Грамадзянскую, вясковы настаўнік напачатку дваццатых, рэдактар беларускага тэксту Збору Законаў СНК з працоўным месцы ў Крамлі з 1922-га, кіраўнік „Маладняка“ і „Узвышша“, навуковец, які першым расчытваў недрукаваныя рукапісы Максіма Багдановіча, любімы вучань Валера Брусава, паэтычны спадчыньнік Янкі Купалы („Ты — Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін“ — так казаў Дубоўку Купала), Дубоўка быў звышмагутнай фігурай у нашай літаратуры. Дый не толькі ў літаратуры: словы „талака“, „адлюстраваць“, „дойлід“, „ашчаперыць“ і яшчэ з дзясятак іншых увёў у літаратурную мову і замацаваў у ёй менавіта Дубоўка, выбітны мовазнаўца, пяру якога належаць актуальныя і па сёньня дасьледаваньні з гісторыі і сучаснасьці беларускай мовы.

А потым быў арышт, сьледзтва, этап, высылка, лягер — паэт ішоў разам з векам і пакутаваў за ўсе ягоныя грахі. Ён быў адным з нямногіх, у чыіх паказаньнях па справе неіснуючага „Саюза вызваленьня Беларусі“ няма ніводнага даносу, ніводнага неасьцярожна названага прозьвішча, ніводнага подпісу пад прызнаньнем сваёй віны... Лёс паэта адлюстраваны ў ягоных вершах».

Глядзець камэнтары (2)

XS
SM
MD
LG