Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіце, каб не старэць, або 7 эфэктаў здаровага сну


Адну простую рэч вы можаце зрабіць, каб запаволіць старэньне. Дастатковая колькасьць сну можа палепшыць здароўе і дапаможа даўжэй пражыць. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Алівія Дэлонга.

Шмат каму гэта можа падацца сумнеўным, але недахоп сну можа ня толькі пагоршыць ваш выгляд падчас дзелавой сустрэчы, але і можа павялічыць рызыку высокага крывянога ціску, хваробаў сэрца, дыябэту, атлусьценьня і, адпаведна, раньняй сьмерці.

Кожны чалавек мае розную патрэбу ў сьне, але спэцыялісты Нацыянальнага фонду сну ЗША рэкамэндуюць большасьці дарослых спаць ад сямі да дзевяці гадзін у суткі. Калі вы будзеце спаць дастаткова, то

1. Ваша скура будзе любіць вас

Калаген-бялок, які спрыяе росту новых клетак скуры і дапамагае пазбавіцца ад старых клетак, выпрацоўваецца падчас сну. Калаген таксама дапамагае прадухіліць зьяўленьне маршчын і павышае элястычнасьць скуры.

Правільны сон таксама дапамагае зьменшыць запаленьне і ацёк. У нявыспаных людзей цела затрымлівае ў сабе больш вады, бо ў арганізьме знаходзіцца больш картызолу, гармону стрэсу, які выклікае запаленьне.

2. У вас будзе лепшы настрой

Адпачынак зьмяншае рызыку дэпрэсіі. Нявыспаныя людзі часьцей сумуюць і злуюцца, вастрэй рэагуюць на розныя падзеі ў працягу дня, бо робяцца менш цярпімымі. Адно дасьледаваньне паказала, што нявыспанасьць павялічвае рызыку «папераджальнай трывогі», якую людзі адчуваюць перад вялікай паездкай або прэзэнтацыяй.

3. У вас будзе менш праблем з запамінаньнем

Дастатковы сон умацоўвае памяць, бо дапамагае мозгу перамяшчаць інфармацыю з аднаго ўчастка ў іншы — гэты працэс вельмі важны для кансалідацыі ўспамінаў. Вам таксама будзе лягчэй засяроджвацца, быць больш творчым і лягчэй прымаць рашэньні.

4. У вас будзе здаровае сэрца

Падчас сну ваша цела аднаўляе пашкоджаньні ў сэрцы і крывяносных судзінах. Правільны сон таксама дапамагае зьнізіць рызыку сардэчнага прыступу, высокага крывянога ціску і інсульту.

5. У вас будзе нармальны ўзровень цукру

Калі вы сьпіце дастаткова, ваш арганізм лепш рэагуе на інсулін, гармон, які рэгулюе ўзровень глюкозы (цукру) у крыві. Калі вы не адпачываеце належным чынам, узровень цукру, верагодна, будзе больш высокі, што павышае рызыку разьвіцьця дыябэту.

6. Вы зможаце трымаць вагу пад кантролем

Калі мы знаходзімся ў глыбокім сьне — так званым павольным сьне, наш арганізм спальвае калёрыі. У нявыспаных людзей мяняецца гарманальны статус. Пры недахопе сну наша цела вырабляе менш лептыну — гармону, які рэгулюе энэргетычны абмен, і больш грэліну, якія называюць гармонам голаду.

7. Вы будзеце больш ўстойлівымі да хваробаў

Здаровы сон умацоўвае нашу імунную сыстэму, што дапамагае арганізму змагацца з інфэкцыямі і хваробамі. Калі вы не высыпаецеся, ваша імунная сыстэма горш рэагуе на вірусы і мікробы.

І, нарэшце, парады. Калі хочаце добра спаць ноччу, трымайцеся аднолькавага рэжыму сну, не чытайце сацыяльныя сеткі нанач, не ўжывайце алькаголь, тытунь і кафэін перад сном, ня сьпіце ўдзень больш за 45 хвілін і пасьля 15.00, прымайце перад сном ванну і трымайце тэмпэратуру ў спальны паміж 15 і 20 градусамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG