Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высокапастаўленыя супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту пакідаюць свае пасады


Дзярждэпартамэнт не зьвязвае наўпрост адстаўкі з прыходам адміністрацыі Трампа.

«Голас Амэрыкі» паведамляе, што чатыры амэрыканскія дыпляматы, якія займалі ключавыя кіроўныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, нечакана падалі ў адстаўку. Гэта адбываецца напярэдадні чаканага ўхваленьня Сэнатам прапанаванай Трампам кандыдатуры кіраўніка замежнапалітычнага ведамства.

Раней, у пятніцу, намесьнік дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях кіраваньня Патрык Кенэдзі пакінуў свой пост. Паводле газэты The Washington Post, Кенэдзі меў намер працягваць ажыцьцяўляць кіраўніцтва бюджэтам, гаспадарчай часткай і лягістыкай пасьля прыходу новага дзяржсакратара.

The Washington Post і Associated Press напісалі пра тое, што ў сераду два памочнікі дзяржсакратара раптоўна пайшлі ў адстаўку. Памочнік дзяржсакратара ў адміністрацыйных пытаньнях Джойс Бар, памочнік дзяржаўнага сакратара ў консульскіх пытаньнях Мішэль Бонд і кіраўнік офіса замежнага прадстаўніцтва амбасадар Джэнтры Сьміт зьяўляюцца кар’ернымі дыпляматамі.

Раней свой пост пакінула памочніца дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд.

У заяве выканаўцы абавязкаў прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту Марка Тонэра гаворыцца пра тое, не называючы імёнаў, што гэтыя пасады займаюць палітычныя прызначэнцы, і прэзыдэнт павінен намінаваць, а Сэнат ухваліць прапанаваных кандыдатаў.

«Некаторыя зь дзяржаўных службоўцаў, чые адстаўкі былі прынятыя, працягнуць працаваць у замежнапалітычным ведамстве на іншых пасадах; некаторыя аддадуць перавагу сысьці ў сувязі зь перавышэньнем ліміту часу на займаных пасадах, — сказаў Тонэр. — Супрацоўнікі, якія прыходзяць на пасады ў выніку палітычнага прызначэньня, не чакаюць, што будуць займаць іх бясконца».

Ні Дзяржаўны дэпартамэнт, ні афіцыйныя асобы не зьвязваюць наўпрост адстаўкі з прыходам адміністрацыі Трампа, але звальненьні насталі пасьля візыту дзяржсакратара Тылерсана, які яшчэ не ўступіў на пасаду (яго бачылі ў будынку ведамства ў аўторак).

Кенэдзі быў уцягнуты ў палеміку вакол прыватнага сэрвэра былога дзяржсакратара Гілары Клінтан. Паведамлялася, што ён аказваў ціск на ФБР, патрабуючы зьняць грыф сакрэтнасьці з аднаго з электронных паведамленьняў і абяцаючы ўзамен дазволіць больш прызначэньняў агентаў ФБР на замежныя пасты. Дзяржаўны дэпартамэнт адхіліў магчымасьць заключэньня такой зьдзелкі.

Кенэдзі быў прызначаны на пасаду намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях кіраваньня прэзыдэнтам Джорджам Бушам-малодшым і працягваў займаць сваю пасаду на працягу двух тэрмінаў прэзыдэнцтва Абамы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG