Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрэза Мэй заклікала ЗША гаварыць з Крамлём з пазыцыі сілы


Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, выступаючы ў чацьвер на партыйнай канфэрэнцыі рэспубліканцаў у Філядэльфіі. 26 студзеня 2017 году
Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, выступаючы ў чацьвер на партыйнай канфэрэнцыі рэспубліканцаў у Філядэльфіі. 26 студзеня 2017 году

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, выступаючы ў чацьвер на партыйнай канфэрэнцыі рэспубліканцаў у Філядэльфіі падчас свайго візыту ў ЗША, заявіла, што падыход Захаду да стасункаў з Расеяй павінен будавацца паводле формулы «супрацоўнічай, але сьцеражыся».

«Гэта парафраз дэвізу Рональда Рэйгана „давярай, але правярай“, пад знакам якога праходзіла ягоная палітыка ў дачыненьні да Расеі», — сказала Мэй. Паводле яе, «канфрантацыя з Расеяй, вяртаньне да часоў халоднай вайны зусім не непазьбежныя, але дыялёг з Масквой нам трэба весьці з пазыцыі сілы так, каб дух супрацоўніцтва мог узяць верх над духам супрацьстаяньня».

Брытанскі кіраўнік казала таксама пра неабходнасьць умацоўваць брытанска-амэрыканскія сувязі. Але пры гэтым яна падкрэсьліла, што эпоха сумесных зацяжных ваенных апэрацыяў за мяжой, якія прымаюцца ў імя перадзелу ўсясьветнага парадку, адышла ў мінулае.

«Гэта, аднак, ня значыць, — дадала Мэй, — што мы будзем пасіўныя перад тварам рэальных пагроз, якія патрабуюць ад нас рашучых ваенных крокаў».

Перамовы Дональда Трампа і Тэрэзы Мэй прызначаныя на пятніцу. Яна першы замежны кіраўнік, зь якім сустрэнецца Дональд Трамп у якасьці прэзыдэнта.

Мэй з задавальненьнем адазвалася аб перамозе рэспубліканскага кандыдата на лістападаўскіх выбарах. «Для мяне вялікі гонар быць з вамі тут сёньня, на сьвітанку новай эры адраджэньня Амэрыкі», — сказала кіраўніца брытанскага ўраду, зьвяртаючыся да кіраўніцтва рэспубліканцаў. Тэрэза Мэй заклікала адміністрацыю Трампа не выходзіць зь ядзернага пагадненьня з Іранам, абараняць суседнія з Расеяй краіны і падтрымліваць міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці NATO, Усясьветны банк і Міжнародны валютны фонд, прызнаючы, што ўсе яны маюць патрэбу ў рэформах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG