26 студзеня а 14-й гадзіне ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме адбудзецца разгляд скаргі расейска-ізраільскага грамадзяніна, блогера Аляксандра Лапшына, на рашэньне Генэральнай пракуратуры Беларусі аб ягонай экстрадыцыі на запыт Азэрбайджану.
Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыехаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства.
17 студзеня намесьнік генпракурора Беларусі Аляксей Стук вынес рашэньне аб экстрадыцыі блогера ў Азэрбайджан.
За Лапшына заступіліся Ізраіль і Расея.