Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабчук і Бабкоў закрылі Год украінскай літаратуры ў Беларусі


Украінскі пісьменьнік Мікола Рабчук

Падчас літаратурнай сустрэчы ў Менску кіеўскі літаратар Мікола Рабчук, падсумоўваючы досьвед апошніх украінскіх рэвалюцыяў і майданаў, выказаў перакананьне: «Рэвалюцыя патрэбна тады, калі эвалюцыйны шлях разьвіцьця заблякаваны».

Сустрэчай з украінскім пісьменьнікам Міколам Рабчуком у амбасадзе Ўкраіны ў Менску 25 студзеня завяршыўся Год украінскай літаратуры ў Беларусі.

(Зьлева направа) пісьменьнікі Павал Касьцюкевіч і Барыс Пятровіч, выдавец Ігар Логвінаў
(Зьлева направа) пісьменьнікі Павал Касьцюкевіч і Барыс Пятровіч, выдавец Ігар Логвінаў

Літаратар і культуроляг Ігар Бабкоў адзначыў, што Год украінскай літаратуры задумваўся як спосаб дапамагчы беларусам зразумець Украіну і ўкраінцаў. Цягам году ў Беларусі праходзіў шэраг культурніцкіх імпрэзаў — прэзэнтацыі ўкраінскіх кніг і нумароў альманахаў, візыты ўкраінскіх пісьменьнікаў, паказы ўкраінскага кіно ды іншае. У арганізацыі мерапрыемстваў удзельнічалі шматлікія беларускія літаратары і інтэлектуалы.

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

«Ідэя зразумець Украіну сабрала вакол сябе, па сутнасьці, усю беларускую культурную і літаратурную эліту», — падкрэсьліў Бабкоў.

Падчас сустрэчы ва ўкраінскай амбасадзе таксама былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу эсэ і перакладаў сучаснай украінскай літаратуры, у якім прымалі ўдзел школьнікі і студэнты, маладзейшыя за 25 гадоў.

Украінскі пісьменьнік Мікола Рабчук, выступаючы ў амбасадзе Ўкраіны, закрануў ня толькі літаратурныя, але і грамадзка-палітычныя пытаньні. У прыватнасьці, ён падзяліўся сваімі думкамі пра тое, як зьмянілася Ўкраіна пасьля Эўрамайдану.

«Я разумею тых, хто расчараваны тым, што адбываецца пасьля Майдану. Сапраўды, прынцыповай зьмены правілаў гульні не адбылося. Але адбылося шмат чаго, і зьмены, што мы бачым, адбываюцца ў правільным кірунку. Украіна, магчыма, ня тымі тэмпамі, ня так пасьлядоўна, як хацелася б, але рухаецца наперад. Украіна рэфармуецца. Я разумею, што ўлады недапрацоўваюць, што ўлады ёсьць за што крытыкаваць. Але мне здаецца, трэба разумець, што ёсьць пэўныя гістарычныя законы, пераскочыць якія немагчыма. Ня ўсё так кепска», — адзначыў ён.

Пісьменьнік Мікола Рабчук (зьлева) і кіраўнік амбасады Ўкраіны Валеры Джыгун
Пісьменьнік Мікола Рабчук (зьлева) і кіраўнік амбасады Ўкраіны Валеры Джыгун

Абодва ўкраінскія Майданы Рабчук параўнаў з рэвалюцыямі ва Ўсходняй Эўропе ў канцы 80-х гадоў XX стагодзьдзя. Ва ўсіх выпадках мела месца як імкненьне да дэмакратычных пераменаў і паляпшэньня эканамічнай сытуацыі, так і нацыянальна-вызваленчы складнік — пазбаўленьне ад «каляніяльнай залежнасьці» ад Масквы.

Між тым Рабчук падкрэсьліў, што сама па сябе рэвалюцыя ня робіць жыцьцё ў краіне якасна лепшым.

«Ніводная рэвалюцыя ня можа замяніць эвалюцыйнага разьвіцьця — пэрыяду назапашваньня пэўнай сацыяльнай энэргіі, салідарнасьці, досьведу. Рэвалюцыі не вырашаюць праблем, яны толькі разблякоўваюць заблякаваны шлях. Нармальнае разьвіцьцё — гэта эвалюцыйнае. Праз асьвету, праз штодзённую працу і г.д. Рэвалюцыя патрэбна тады, калі эвалюцыйны шлях разьвіцьця зь нейкіх прычын заблякаваны», — лічыць ўкраінскі празаік.

XS
SM
MD
LG