Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават разбураны, горад выглядае эўрапейскім». Магілёўцам паказалі іхны горад у вайну


Від на цэнтар гораду з-за Дняпра.

У Магілёве разгарнулі выставу фотаздымкаў гораду часоў Другой усясьветнай вайны.

На экспанатах паказаная гарадзкая архітэктура, пашкоджаная бамбаваньнем, але яна дае ўяўленьне, як выглядаў абласны цэнтар пакуль не падпаў пад савецкую ідэалягічную перабудову. На фотаздымках дакумэнтальна зафіксаваныя трагедыі, зь якімі сутыкнуліся гараджане падчас акупацыі гітлераўцамі — Галакост, патоп на рэчцы Дубравенцы, публічныя пакараньні сьмерцю партызан і падпольшчыкаў ды ваеннае, поўнае небясьпекі жыцьцё.

У экспазыцыі «Невядомы Магілёў» больш за дзьве соткі фотаздымкаў, зробленых нямецкімі салдатамі. Большую частку з іх адшукаў руплівец магілёўскай даўніны, які жыве ў Нямеччыне, Алег Давід Лісоўскі.

Для мяне гэта выстава, кажа ён, «магчымасьць убачыць, як выглядаў горад да разбурэньня, калі яшчэ не было моцных бамбёжак, цяжкіх баёў за вызваленьне гораду, якія нанесьлі першыя вялікія страты гарадзкому абліччу».

Гарадзкі цэнтар Магілёва ў вайну
Гарадзкі цэнтар Магілёва ў вайну

«Ну і канечне да ўсіх „зачыстак“ гораду (канец 50-х, а потым 1975-85 гадоў), калі дзеля „сьветлай будучыні“ савецкая ўлада зьнішчала рэшткі старажытнага Магілёва», — адзначае Лісоўскі.

«Даваенныя здымкі вялікая рэдкасьць, бо далёка ня ў кожнага грамадзяніна меўся фотаапарат, ды і ня кожны наважыўся б адкрыта здымаць архітэктуру ў 30-я гады, — кажа ён. — І лёс склаўся так, што менавіта нямецкія акупанты ненаўмысна захавалі для нас стары Магілёў. І дзякуючы іх здымкам мы можам паглядзець неверагодную колькасьць раней ня бачных кутоў горада, а таксама ўбачыць вядомыя месцы ў іншых ракурсах».

Алега Давіда Лісоўскага не было на выставе. З магілёўцамі ён гаварыў праз скайп.
Алега Давіда Лісоўскага не было на выставе. З магілёўцамі ён гаварыў праз скайп.

«Вядома ж, гэтыя здымкі нясуць цяжкі адбітак жудаснай вайны, — заўважае руплівец магілёўскай гісторыі. — Яны сталі помнікам ня толькі страчаным славутасьцям даўніны, але і страчаным людзкім жыцьцям».

Выставу арганізаваў музэй гісторыі Магілёва. Яго дырэктар Аляксей Бацюкоў адзначае, што яна спалучае ў сабе розныя бакі гарадзкога жыцьця і гісторыі. На фотаздымках — страчаная архітэктурная спадчына гораду.

Нявольнікі гета на вуліцах гораду. Фота зробленае ў ідэалягічных мэтах гітлераўцамі.
Нявольнікі гета на вуліцах гораду. Фота зробленае ў ідэалягічных мэтах гітлераўцамі.

«Гэта выстава пра нашу гісторыю і нашу трагедыю», — перадае дух экспазыцыі дырэктар музэю.

«У архітэктуры мы бачыць наш сапраўды гістарычны горад да разбурэньняў і ідэалягічных трансфармацыяў. Гэтыя фотаздымкі няхай апасродкавана вяртаюць нам нашу мінуўшчыну, — даводзіць ён. — Мы бачым на фотаздымках канкрэтных асобаў і маем магчымасьць ім суперажываць. Кранаюць фотаздымкі пра катастрофу на Дубравенцы. Бачачы затоплены дом разумеем, што ў ім гіне чалавек. Бачым фотаздымкі з габрэямі, якім наканавана прайсьці праз Галакост».

Адна з цэнтральных вуліц Магілёва ў вайну.
Адна з цэнтральных вуліц Магілёва ў вайну.

Нават разбураным горад выглядае велічна, адзначае магілёўскі мастак Базыль Камароў.

«Гэтыя фотаздымкі паказваюць, што Магілёў быў эўрапейскім горадам. Нават пабураным яго ўяўляеш, якім ён быў да 1941 году. Уражваюць архітэктурныя дамінанты. Велічныя вежы нашых непаўторных магілёўскіх храмаў надавалі гораду адметнасьць. Цяпер мала чаго засталося ад іх», — заўважае мастак.

Патоп на Дубравенцы.
Патоп на Дубравенцы.

XS
SM
MD
LG