Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя хоча супрацы зь Беларусьсю ў калійнай галіне і чакае адказу зь Менску


Ілюстрацыйнае фота. ААТ «Беларуськалій»

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Індыі ў Беларусі Саксена Панкадж.

Ён заявіў, што Індыя гатовая ажыцьцяўляць тры опцыі: першая — гэта па-ранейшаму закупляць беларускі калій, другая — супольна працаваць над распрацоўкай новых калійных радовішчаў, трэцяя — укладаць інвэстыцыі ў разьвіцьцё гэтай галіны ў Беларусі.

Амбасадар нагадаў, што калійнае пытаньне было адным з галоўных падчас сустрэчы прэм’ера Індыі і прэзыдэнта Беларусі ў Ташкенце на саміце ШАС летась.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, якую долю займаюць калійныя ўгнаеньні ў таваразвароце паміж дзьвюма краінамі, амбасадар Індыі адказаў, што зьвесткі за мінулы год пакуль яшчэ адсутнічаюць, але калі разглядаць сытуацыю ў 2015 годзе, то калійныя ўгнаеньні склалі больш за палову агульнага таваразвароту ў 445 мільёнаў даляраў. Гэтым тлумачыцца, што агульны таваразварот ідзе на карысьць Беларусі. Што тычыцца канкрэтных зьвестак пра тое, колькі калію закупляюць індыйцы ў Беларусі, амбасадар адказаў, што гэтым у ягонай краіне займаюцца прыватныя кампаніі; адзінае, што ён можа сказаць — што летась бакі падпісалі доўгатэрміновы (пяцігадовы) кантракт, і штогод гадавая лічба будзе карэктавацца.

Некалькі гадоў таму індыйцы хацелі нават купіць акцыі «Беларуськалію». Аднак дагэтуль тыя акцыі так і не былі выстаўленыя на продаж, і індыйскі бок яшчэ год таму заявіў, што адмаўляецца ад гэтай ідэі.

XS
SM
MD
LG