Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіцца ў ЗША і сьвеце падчас прэзыдэнцтва Дональда Трампа?


20 студзеня адбываецца інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Якую палітыку будзе праводзіць новая адміністрацыя? Які характар набудуць амэрыканска-расейскія адносіны? Чаго варта чакаць у дачыненьнях Беларусі з Злучанымі Штатамі?

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Новая адміністрацыя — новая палітыка

Валер Карбалевіч: «Сёньня, 20 студзеня, заступае на пасаду 45-ты прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Гэта падзея ня толькі амэрыканскага, але і сусьветнага маштабу. Ня толькі таму, што ЗША — самая моцная і ўплывовая краіна ў сьвеце. Сама фігура Дональда Трампа незвычайная. Яна выклікае вялікую цікавасьць. І таму, што яго выбраньне глыбока раскалола амэрыканскае грамадзтва. І таму, што ён моцна парушае амэрыканскую палітычную традыцыю шмат у чым. Напрыклад, у тым, што рашуча адмаўляецца ад палітычнай спадчыны свайго папярэдніка Барака Абамы. Ён абяцае шмат што зьмяніць і ў саміх ЗША, і ў замежнай палітыцы Злучаных Штатаў. Чаго варта чакаць?»

Кірыл Коктыш: «Найперш, трэба чакаць працягу барацьбы. Прэзыдэнцкія выбары не паставілі кропку, канфлікт працягваецца. Кібэр-скандал, які цяпер апанаваў амэрыканскія мэдыі, адбываецца не таму, што Расея моцная, а таму, што мэдыі хочуць пераканаць амэрыканскіх выбаршчыкаў: Трамп — нелегітымны прэзыдэнт, бо ён перамог у выніку ашуканства. Каманда Клінтан працягне барацьбу. І адбываецца канфлікт паміж рознымі сфэрамі эканомікі, якія прадстаўляюць Клінтан і Трамп. Клінтан прадстаўляе фінансавы капітал, Трамп — прамысловы капітал. Гэтая барацьба будзе цягнуцца два гады — да абраньня новага складу Кангрэсу.

Таму Трампу будзе не да замежнай палітыкі, ён будзе займацца ўнутранай палітыкай, і адзін з кірункаў тут — зьнішчэньне рэсурснай базы каманды Клінтан. Невыпадкова на высокія пасады прызначаны буйныя бізнэсоўцы».

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Аляксандар Класкоўскі: «Сапраўды, падчас выбарчай кампаніі Трамп найперш апэляваў да ўнутраных праблем ЗША. Таму там вялікі кавалак працы. Але, думаю, рэальная палітыка Трампа будзе не такая экстравагантная, як ягоная выбарчая кампанія. Хоць у яго рэпутацыя скандаліста, аднак на высокай пасадзе ён адчуе ўсю меру сваёй адказнасьці.

Да таго ж у амэрыканскай палітычнай сыстэме добра працуюць мэханізмы стрымліваньняў і проціваг у выглядзе Кангрэсу, Вярхоўнага суду, СМІ, грамадзкай думкі. Гэта не аўтарытарны рэжым кшталту беларускага ці расейскага.

І яшчэ. Трамп — чалавек практычны. І калі ён апячэцца ў нейкім пытаньні, то можа лёгка зьмяніць падыходы. Ён мала зьвязаны нейкімі ідэалёгіямі ці прынцыпамі, якіх абавязкова трэба трымацца.

Трамп можа пасварыцца з ЭЗ, ён зьбіраўся выйсьці зь перамоваў наконт пагадненьня аб Трансакіянскім партнэрстве. Зьменшыцца падтрымка дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе».

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Які характар набудуць амэрыканска-расейскія адносіны?

Карбалевіч: «Перамога Дональда Трампа выклікала эўфарыю ў расейскім палітычным клясе, мэдыях, грамадзкасьці. Агульны настрой расейскіх мэдыяў быў такі: мы перамаглі. Наколькі гэтая эўфарыя апраўданая? Чаго можна чакаць у амэрыканска-расейскіх адносінах?»

Коктыш: «Гэтыя адносіны застануцца даволі праблематычнымі. Але добра, што адкрытай вайны ня будзе. Калі б перамагла Клінтан, то была небясьпека, што халодная канфрантацыя можа перайсьці ў гарачую.

Дасюль галоўным таварам, які прадавалі ЗША, была дэмакратыя. Пры Трампу гэтага ня будзе. Зьявіцца рэальная палітыка, бізнэсовыя інтарэсы. На такім базісе будуць будавацца адносіны.

Расея разьлічвае, што два гады палёгкі ёсьць, пакуль Трамп будзе займацца ўнутранымі справамі. За гэты час Расея замацуе новую субʼектнасьць у міжнародных дачыненьнях, якой яна дасягнула ў апошнія тры гады.

Выбарчая кампанія Трампа была вельмі падобная да выбарчай кампаніі Лукашэнкі 1994 году

Хачу заўважыць, што выбарчая кампанія Трампа была вельмі падобная да выбарчай кампаніі Лукашэнкі 1994 году. Дарэчы, вось сп. Класкоўскі кажа пра сыстэму стрымліваньняў і проціваг, якая існуе ў палітычнай сыстэме ЗША. Думаю, Трамп яе трансфармуе, каб самазахавацца. Ня ўпэўнены, што гэтая сыстэма захаваецца. Гэта якраз галоўная інтрыга».

Класкоўскі: «Хацеў бы паспрачацца з сп. Коктышам вось па якім пытаньні. Ён лічыць, што пры прэзыдэнцтве Клінтан магла б быць гарачая вайна, а пры Трампу амэрыканска-расейскія адносіны будуць лепшыя. Ня згодзен. Клінтан — дасьведчаны палітык, прагназавальны. Яна больш схільная была б трымацца ў рамках.

А Трамп абяцаў загадаць зьбіваць расейскія самалёты, калі яны будуць блізка пралятаць каля амэрыканскіх эсьмінцаў. Трамп пазыцыянуе сябе як „круты мужык“, як і Пуцін. Таму тут можа вельмі ўсё заіскрыць.

Трамп пазыцыянуе сябе як „круты мужык“, як і Пуцін. Таму тут можа вельмі ўсё заіскрыць

Хоць можа адбыцца зьдзелка — умоўна кажучы, Крым у абмен на Данбас. Магчымасьці разьмену ёсьць. Трамп можа прызнаць прэтэнзіі Расеі мець зону сваіх прывілеяваных інтарэсаў у „блізкім замежжы“. І гэта можа быць кепска для Беларусі».

Чаго варта чакаць у дачыненьнях Беларусі з Злучанымі Штатамі?

Карбалевіч: Цяпер зьвернемся да адносін Беларусі з ЗША. Які будзе прагноз на беларуска-амэрыканскія дачыненьні падчас прэзыдэнцтва Дональда Трампа? Чаго варта чакаць? Трамп абяцае ўсё памяняць, адмовіцца ад спадчыны Абамы. Гэта закране адносіны зь Беларусьсю?«

Коктыш: «Думаю, ніяк не закране. Беларусь ня надта залежная ад заходніх рынкаў. Трамп абяцае скараціць падтрымку Эўропы, фінансаваньне Ўсходняй Эўропы. Беларусь ад гэтага ня страціць, а нават можа выйграць — як стабільны цэнтар прыцягненьня Ўсходняй Эўропы».

Класкоўскі: «Лукашэнка даў зразумець, што быў заўзятарам Трампа. Надзеі беларускага боку грунтуюцца на тым, што Трамп бізнэсовец, не абцяжараны нейкімі каштоўнаснымі падыходамі, зь ім можна дамаўляцца „па паняцьцях“. Гэта стыль Лукашэнкі. Часткова надзеі могуць спраўдзіцца. Цяпер ідзе станоўчы трэнд у амэрыканска-беларускіх дачыненьнях. І калі беларускія ўлады не наламаюць дроў ва ўнутранай палітыцы, не адновяць палітычныя рэпрэсіі, то краіны могуць вярнуць амбасадараў, ЗША могуць скасаваць санкцыі, паспрыяць, каб МВФ даў Беларусі крэдыт.

Горшы сцэнар можа рэалізавацца тады, калі Трамп аддасьць Беларусь у сфэру ўплыву Масквы. Або наадварот, калі дачыненьні ЗША з Расеяй стануць вельмі канфліктнымі, тады Масква можа прымусіць Беларусь стаць у адзіны баявы шыхт з саюзьнікам супраць агульнага ворага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG