Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыўся эканамічны форум у Давосе, на які афіцыйную Беларусь не запрашаюць 22 гады


Старшыня КНР Сі Цьзіньпін

Старшыня КНР Сі Цьзіньпін адкрыў пасяджэньне Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе прамовай у абарону глябалізацыі і вольнага гандлю. Ён стаў першым кіраўніком Кітаю, які прыняў удзел у штогадовай сустрэчы лідэраў краін і кіраўнікоў бізнэсу ў швэйцарскіх Альпах за яго 47-гадовую гісторыю.

Сі Цьзіньпін заявіў, што не было «ніякага сэнсу вінаваціць эканамічную глябалізацыю ў сусьветных эканамічных праблемах», дадаўшы, што міжнародныя фінансавыя крызісы выкліканыя празьмерным імкненьнем да атрыманьня прыбытку. Паводле яго, працэс глябалізацыі спрыяе сусьветнаму эканамічнаму разьвіцьцю. Кітайскі лідэр заклікаў адмовіцца ад пратэкцыянісцкай гандлёвай палітыкі, папярэджваючы, што «ніхто ня выйдзе пераможцам у гандлёвых войнах».

Старшыня КНР адзначыў, што «эканамічная глябалізацыя вядзе да ўзьнікненьня новых праблем», выкліканых недахопам вопыту кіраваньня. Гэтага ня трэба баяцца, сказаў Сі Цьзіньпін.

Чатырохдзённы форум у Швэйцарыі праходзіць на тле апасеньняў, што новая адміністрацыя ЗША можа ўвесьці пратэкцыянісцкія захады.

Дзяржчакратар ЗША з адміністрацыі Барака Абамы Джон Кэры выступае ў Давосе
Дзяржчакратар ЗША з адміністрацыі Барака Абамы Джон Кэры выступае ў Давосе

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, інаўгурацыя якога адбудзецца 20 студзеня, выказаўся супраць міжнародных гандлёвых зьдзелак і прыгразіў падняць тарыфы на тавары, імпартаваныя з Кітаю.

Беларусь на афіцыйным узроўні брала ўдзел у форуме ў Давосе ў 1992 годзе, калі ў ім ўдзельнічаў Станіслаў Шушкевіч, у 1995 краіну прадстаўляў тагачасны прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір. Летась, на адмысловае запрашэньне арганізатараў, у форуме ўдзельнічаў бізнэсовец Дзяніс Кольга.

У 1998 годзе эканамічны форум у Швэйцарыі (праўда, іншы — у Кран-Мантане) наведаў Аляксандар Лукашэнка. Але атрымаўся скандал. Прэсавая канфэрэнцыя з удзелам беларускага кіраўніка, паводле вэрсіі дзяржаўных мэдыяў, «вылілася ў канфлікт, арганізаваны пэўнымі заходнеэўрапейскімі парлямэнтарамі, што адмыслова прыбылі ў Кран-Мантану дзеля публічнай абструкцыі А.Лукашэнкі».

XS
SM
MD
LG