Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: нашы прастытуткі самыя лепшыя ў сьвеце, але «сумняваюся, што Трамп клюнуў на гэта»


Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін заявіў, што ў Дональда Трампа не было прычынаў сустракацца ў Маскве зь дзяўчатамі лёгкіх паводзінаў, паколькі ў якасьці арганізатара конкурсаў прыгажосьці ён меў зносіны з самымі прыгожымі жанчынамі сьвету.

«Трамп, калі ён прыяжджаў у Маскву, — а я нават ня памятаю, калі гэта было, некалькі гадоў таму, — ён ня быў ніякім палітычным дзеячом, мы нават ня ведалі пра ягоныя палітычныя амбіцыі», — паведаміў Пуцін на прэс-канфэрэнцыі.

«Гэта быў проста бізнэсовец, адзін з самых багатых людзей Амэрыкі. Што, хто-небудзь думае, што спэцслужбы ганяюцца за кожным амэрыканскім мільярдэрам? Вядома, не, гэта проста поўнае трызьненьне», — заявіў Пуцін.

«Другое: Трамп прыехаў і тут жа пабег сустракацца з маскоўскімі прастытуткамі. Гэта дарослы чалавек і, акрамя таго, чалавек, які многія гады займаўся арганізацыяй конкурсаў прыгажосьці. Ён меў зносіны з самымі прыгожымі жанчынамі сьвету. Я з цяжкасьцю магу сабе ўявіць, што ён пабег у гатэль сустракацца з нашымі дзяўчатамі з паніжанай сацыяльнай адказнасьцю, — дадаў Пуцін. — Яны, безумоўна, самыя лепшыя ў сьвеце, але сумняваюся, што Трамп клюнуў на гэта».

«Прастытуцыя — гэта агіднае сацыяльная зьява. А вось людзі, якія заказваюць фальшыўкі падобнага кшталту і якія цяпер распаўсюджваюцца супраць абранага прэзыдэнта ЗША, фабрыкуюць іх і выкарыстоўваюць у палітычнай барацьбе — яны горш, чым прастытуткі, у іх няма ніякіх маральных абмежаваньняў», — заявіў расейскі прэзыдэнт.

«Такое адчуваньне, што, патрэніраваўшыся, яны гатовыя ў сябе ў Вашынгтоне „майдан“ арганізаваць, толькі каб ня даць Трампу ўступіць у пасаду», — сказаў ён.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG