Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана танных візаў: лягеры для мігрантаў у Беларусі за грошы ЭЗ


Як беларусы ставяцца да мігранцкай тэмы? Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Цягам бліжэйшых некалькіх гадоў у Беларусі за грошы Эўразьвязу будуць пабудаваныя некалькі «цэнтраў разьмяшчэньня мігрантаў» з разьлікам на 30-50 чалавек кожны. На гэтыя мэты Эўракамісія выдаткоўвае афіцыйнаму Менску 7 мільёнаў эўра, паведамляе нямецкая газэта Tageszeitung.

У беларускім МЗС гэтую інфармацыю пацьвердзілі. «Размова ідзе аб супольным праекце беларускага боку з Прадстаўніцтвам міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь, які рэалізуецца ў межах праекту „Партнэрства дзеля мабільнасьці“», — паведаміў кіраўнік прэсавай службы міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Паводле яго, будаўніцтва цэнтраў разьмяшчэньня мігрантаў вядзецца ў межах падрыхтоўкі да падпісаньня Бекарусьсю Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.

Перш за ўсё, гэта імкненьне афіцыйнага Менску цяпер ва ўсім падабацца Эўропе. Пытаньне аб рэадмісіі такое даўняе, што нават часам сорамна пра яго прыгадваць. Гэта тое, на чым заўсёды сутыкаліся адносіны афіцыйнага Менску і Эўропы. Аляксандар Лукашэнка ня раз выказваўся, што Беларусь прымае тых мігрантаў, якія спрабуюць перайсьці беларуска-эўрапейскую мяжу (з Латвіяй, Літвой і Польшчай). І вось, маўляў, Эўропа за гэта недаплачвае.

Магчыма, гэта адзін зь першых крокаў улагоджаньня афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні. Цяпер Эўропа заплаціць за гэтыя цэнтры прыёму ўцекачоў.

Але гэтая навіна дае нам падставу паразважаць, як народ ставіцца да мігранцкай тэмы. Ня так часта праводзіліся сацыялягічныя апытаньні на гэтую тэму, тым ня менш у сьнежні 2015 году ў разгар мігранцкага крызісу ў Эўропе НІСЭПД правёў апытаньне: «Апошнія месяцы краіны ЭЗ перажываюць востры крызіс, зьвязаны з патокам мігрантаў з афрыканскіх і азіяцкіх краінаў. Зь якім меркаваньнем з нагоды гэтага крызісу Вы згодныя ў большай ступені?». «Трэба высылаць уцекачоў назад, а не пускаць да сябе — гэтыя людзі чужыя Эўропе», — так адказалі 52%. «Трэба прымаць гэтых людзей — яны ўцякаюць ад войнаў і галечы, ім трэба дапамагчы», — гэтак адказалі 32%.

Тут беларусы адказвалі на пытаньне, што рабіць эўрапейцам. Калі б пытаньне ставілася пра адносіны да мігрантаў унутры Беларусі, магчыма адказы былі б яшчэ больш кансэрватыўныя. Мне падаецца, што яшчэ большая колькасьць беларусаў сказалі б, што мігрантаў трэба высылаць назад і ня трэба пускаць у Беларусь.

Мігранцкая тэма — якраз адна з тых, дзе беларусы як праўладныя, так і апазыцыйныя, маюць еднасьць. Большасьць беларусаў на сёньня не жадаюць, каб у краіне зьявіліся вялікія хвалі мігрантаў з далёкіх ад Беларусі рэгіёнаў культурна і цывілізацыйна.

БНФ спрабаваў згуляць на гэтай тэме, 19 сакавіка 2016 году прыняўшы адмысловую заяву наконт мігранцкай тэмы. «Партыя БНФ патрабуе спыніць неразумную практыку запрашэньня ў краіну мігрантаў, якія ня маюць рэальнай патрэбы ў прытулку і пераразьмяркоўваюцца ў Беларусь з краінаў, дзе яны ня маюць пагрозы сваёй асабістай бясьпецы».

На той момант такое стаўленьне БНФ прагрэсіўная грамадзкасьць асудзіла, праваабаронцы выступілі супраць, у сацыяльных сетках былі вялікія дыскусіі, хоць безумоўна, што БНФ зьвяртаўся найперш да шырокіх народных масаў, да той большасьці, якая, як сьведчыць сацыялёгія, непрыхільна ставіцца да патэнцыйнай ідэі перасяленьня ў Беларусь вялікай колькасьці мігрантаў.

Пакуль гэтая тэма ў Беларусі не гучыць настолькі гучна — пакуль беларусы вызначаюцца са сваім стаўленьнем да гэтай тэмы з пункту гледжаньня эўрапейскага, як там гэта адбываецца, і па гэтым вызначаюць свае ідэалягічныя прыхільнасьці. Але калі раптам у Беларусі яна загучыць на поўную моц, то можна сказаць, што на сёньня большасьць беларусаў вылучаецца кансэрватыўным ці нават ксэнафобскім стаўленьнем і не гатовая да прыбыцьця масы людзей з іншых рэгіёнаў.

Карбалевіч: Тут варта глядзець на кантэкст гэтай праблемы. Цяпер Беларусь і ЭЗ вядуць даволі напружаныя перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Адной з умоваў ЭЗ зьяўляецца падпісаньне дамовы аб рэадмісіі. То бок, беларускі бок бярэ на сябе абавязаньні прыняць назад людзей, якія ехалі празь Беларусь у Эўропу, а іх не пусьцілі. Менск ня супраць падпісаньня такой дамовы, але просіць адтэрмінаваць уступленьне ў сілу дамовы ад рэадмісіі, каб быў час падрыхтавацца, стварыць адпаведную інфраструктуру для прыёму гэтых мігрантаў. Такую адтэрміноўку ў свой час ЭЗ даваў Украіне.

Але цяпер сытуацыя памянялася. У ЭЗ віруе мігранцкі крызіс, пытаньне мігрантаў зрабілася вельмі балючым для Брусэлю, таму ён не гатовы ісьці на саступкі Беларусі ў гэтым пытаньні. Але ЭЗ усё ж робіць крок насустрач. Ён гатовы даць Беларусі грошы на стварэньне інфраструктуры для прыёму мігрантаў.

Паводле дасьледаваньня, якое рабіў палітоляг Андрэй Елісееў, гаворка ідзе пра зусім невялікую колькасьці мігрантаў, якую Беларусі давядзецца нейкі час трымаць на сваёй тэрыторыі. Гэта некалькі дзясяткаў чалавек. Праўда, дасьледаваньне праводзілася яшчэ да пачатку таго мігранцкага крызісу, які здарыўся ў Эўропе. Але нават і цяпер патокі ўцекачоў кіруюцца ў Эўропу зусім не празь Беларусь. Нічога такога мы ня бачылі. Вось летась была толькі праблема чачэнскіх уцекачоў. Але гэта ніяк не зьвязана з тым мігранцкім крызісам, які перажывае Эўропа.

Таму гэтую праблему варта разглядаць выключна ў пляне перамоваў Беларусі і ЭЗ аб рэадмісіі. Нічога тут прынцыпова новага ў пляне павялічэньня колькасьці мігрантаў не зьявілася.

А тое, што беларусы вельмі хваравіта ацэньваюць мігранцкі крызіс у Эўропе, то так і ёсьць.

Дракахруст: Гэта праблема проста іншага вымярэньня. Гэта ня тая сытуацыя, як у Нямеччыне, як у краінах поўдня Эўропы, дзе дзясяткі тысячаў людзей шукаюць прытулку. У Беларусі размова ідзе пра пагадненьне з Эўразьвязам: вы нам даяце танныя візы, ну а мы тых, хто праз нас бяжыць, прытрымаем.

Гэта, дарэчы, дылема ў тым ліку і для многіх людзей празаходніх поглядаў у Беларусі, дый проста для тых, хто хацеў бы, каб беларусы езьдзілі ў Эўропу лёгка, танна. Гэта адваротны бок. Эўропа дамагаецца рэадмісіі, прычым апошнія заявы на гэты конт прагучалі на мінулым тыдні, пасьля рашэньня Беларусі пра бязьвіз на 5 дзён.

Эўразьвяз даволі ўцямна сфармуляваў думку, што адно вартае другога. Калі размова ідзе пра ўсяго толькі дзясяткі такога кшталту людзей. Гэта ня тыя квоты, якія па Эўразьвязе спрабуюць разьмеркаваць і супраць якіх катэгарычна выступае Польшча, краіны Балтыі, Вугоршчына — там нават рэфэрэндум правялі, каб не прымаць ніводнага чалавека.

Што тычыцца беларусаў, можна прыгадаць яшчэ адно апытаньне НІСЭПД, нават цэлы цыкл: вымярэньне так званай сацыяльнай дыстанцыі з рознымі этнасамі. Пра прадстаўнікоў розных этнасаў пыталіся — ці гатовыя вы прымаць іх як сямейнікаў, суседзяў, калегаў і г. д.

Паводле гэтых дасьледаваньняў самы блізкі этнас для беларусаў — гэта расейцы, а самыя далёкія, чужыя — гэта афрыканцы і арабы. Ну а склад вялікіх мігранцкіх патокаў нам усім вядомы. Так што гэта ўскосны паказьнік таго, што беларусы не ў захапленьні ад пэрспэктывы зьяўленьня гэтых вялікіх патокаў. Хоць цяпер размова ідзе не пра гэта.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (3)

XS
SM
MD
LG