Вайскоўцы саюзнай арміі прыбылі ў рамках плянаў NATO дзеля ўмацаваньня бясьпекі ўсходніх межаў Паўночнаатлянтычнага саюзу на фоне дзеяньняў Расеі ў гэтым рэгіёне.
Цырымонія сустрэчы амэрыканскіх войскаў адбылася ў горадзе Жагань, блізу мяжы зь Нямеччынай. Кіраўніца ўраду Польшчы заявіла, што на шляху да ўмацаваньня бясьпекі Польшчы зроблены вялікі крок. Міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч зьвярнуўся да амэрыканскіх салдатаў са словамі: «Мы чакалі вас дзясяткі гадоў».
У Польшчы, згодна з плянамі NATO, павінны быць разьмешчаныя каля 3,5 тысяч вайскоўцаў саюзных арміяў. У краіну прыбываюць каля тысячы адзінак вайсковай тэхнікі — танкі Abrams, баявыя машыны пяхоты Bradley і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Howitz.
Прэм’ер-міністарка Польшчы Бэата Шыдла ды іншыя прадстаўнікі найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы ўвечары 14 студзеня павіталі амэрыканскіх салдатаў, якія прыбылі ў Польшчу.