Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сбербанк» набыў гатэль побач зь менскім цыркам за 1,99 беларускага рубля, — СМІ



Расейскі «Сбербанк», які ўзяўся фінансаваць завяршэньне будоўлі гатэльнага комплексу ля цырку ў Менску, выкупіў 100-адсоткавую долю фірмы «Эліт Эстэйт» за сымбалічную суму — 1,99 беларускага рубля.

Пра гэта паведамляе «Комсомольская правда в Белорусии».

«Стоадсоткаваю долю ў „Эліт Эстейт“ атрымлівае кампанія „Сбербанк Капитал“ — гэта дачка „Сбербанка“ Расеі, якая займаецца інвэстыцыямі ў будаўніцтва, — распавяла „Камсамолцы“ крыніца, знаёмая з падрабязнасьцямі ўгоды. — Сума ўгоды сымбалічная — 1,99 беларускага рубля. Таксама „Трайпл“ сьпісвае цалкам дадзеныя „Эліт Эстэйт“ пазыкі».

Элітны гатэль на месцы першай менскай электрастанцыі пачала будаваць фірма «Эліт Эстэйт» — даччынае прадпрыемства групы кампаніяў «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

Адпачатку заяўлялася, што шматфункцыянальным комплексам будзе кіраваць знакаміты брэнд Kempinski, аднак міжнародны кансорцыюм ад гэтай ідэі адхрысьціўся.

Гатэльны комплекс меркавалася здаць да старту чэмпіянату сьвету ў хакеі ў траўні 2014 году, аднак праект пераўтварыўся ў даўгабуд.
Летась Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім будоўля «псэўдакемпінскага» працягнута да канца 2018 году. Агулам, паводле разьлікаў, для завяршэньня працаў неабходна блізу 100 мільёнаў даляраў — гэтулькі ж, колькі ўжо асвоена.

12 студзеня ў Менску прайшлі перамовы кіраўніка «Сбербанка» Германа Грэфа і Аляксандра Лукашэнкі. Падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасьць, што расейская банкаўская ўстанова, чыё беларускае падразьдзяленьне «БПС-Сбербанк» было адным з фундатараў гатэльнага комплексу побач зь менскім цыркам, возьме на сябе фінансавыя абавязаньні для завяршэньня будоўлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG