У адпаведнасьці з дакумэнтам, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу будуць падрыхтаваныя і ўнесеныя праекты 33 законаў. Сярод іх 8 законапраектаў бюджэтнага пакету, у тым ліку і праект бюджэту на 2018-ы год. Таксама плянуюцца зьмены і дапаўненьні ў шэраг кодэксаў і законаў. У прыватнасьці, будуць закранутыя законы аб вэтэранах, аўтарскім і сумежным правах, прыватызацыі, аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасьці, барацьбе з тэрарызмам, радыяцыйнай бясьпецы ды іншыя.
Як адзначылі ў прэсавай службе прэзыдэнта, адзін законапраект («Аб вытворчасьці і звароце арганічнай прадукцыі») зьяўляецца канцэптуальна новым.
Цяпер дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць у сваіх выбарчых акругах. А веснавая сэсія традыцыйна пачнецца 2 красавіка.